Іван Мележ нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Школу-сямігодку закончыў у Алексічах. У 1938 годзе з адзнакай закончыў дзесяцігодку (СШ № 1) у Хойніках і ў 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і культуры. Але ўжо на першым курсе быў прызваны ў армію.
Пасля цяжкага ранення правага пляча пад Растовам Мележ быў накіраваны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у якасці выкладчыка ваеннай падрыхтоўкі. У 1944 годзе разам з БДУ пераехаў у Мінск.
У 1945 годзе І. Мележ завочна закончыў філалагічны факультэт БДУ, паступіў у аспірантуру. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя». Пасля заканчэння аспірантуры працаваў у БДУ старшым выкладчыкам беларускай літаратуры.
З 1966 года сакратар, а ў 1971-1974 гг. намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976).
Друкаваўся з 1930 года. У 1939 годзе ў газеце «Чырвоная змена» быў апублікаваны першы верш І. Мележа «Радзіме». Перад вайной яго вершы друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Бальшавік Палесся», у 1943 г. – у «Бугурусланскай праўдзе».
Першыя апавяданні напісаў у тбіліскім шпіталі. У 1944 годзе ў газеце «Звязда» выйшла апавяданне «Сустрэча ў шпіталі». У 1946 годзе выдаў першы зборнік апавяданняў «У завіруху». У 1948 годзе выйшаў другі зборнік прозы «Гарачы жнівень».
Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (аб Вялікай Айчыннай вайне і пасляваенным перыядзе), зборнікаў прозы «Блізкае і далёкае», «У гарах дажджы», «Што ён за чалавек». Спрабаваў сябе ў драматургіі, часцей за іншыя ставілася п’еса «Пакуль вы маладыя».
Цэнтральнае месца ў творчасці І. Мележа займае трылогія «Палеская хроніка».
Мае землякі-аднавяскоўцы любілі і паважалі Івана Паўлавіча пры жыцці, не зменшылася гэтая павага і любоў пасля яго смерці. Каб увекавечыць памяць аб сваім славутым земляку, у 1983 годзе ў в. Глінішча быў пабудаваны музей І.П. Мележа. Адкрыццё яго адбылося 12 лютага таго ж года.
З таго часу прайшло 28 гадоў. Музей І.П. Мележа – візітная картка вёскі і нашага раёна. Яго наведалі 26794 чалавекі, праведзена 1180 экскурсій. Тут пабывалі турысты з бліжняга і далёкага замежжа, кіраўнікі ўрада нашай краіны, абласцей, раёнаў, выкладчыкі і студэнты многіх беларускіх ВНУ, пісьменнікі, свяшчэннаслужыцелі, вучні школ з розных раёнаў Гомельшчыны.
Пабачыла я Івана Паўлавіча ў 1946 годзе. Мне было тады 10 гадоў, калі Іван Паўлавіч у першы раз пасля вайны наведаў родную вёску. Хата, у якой ён нарадзіўся і вырас, была спалена. Бацькі жылі ў суседзяў. З усяго сямейнага набытку засталася толькі скрыня.
Тут, у Глінішчы, прыма-сціўшыся на гэтай скрыні, Іван Паўлавіч пісаў свае апавяданні пра жыццё пасляваеннай вёскі «У завіруху» і «Гарачы жнівень». Прыязджаў Іван Паўлавіч з жонкай Лідзіяй Якаўлеўнай, дачкой Людай, пісьменнікамі, карэспандэнтамі. У маі 1976 года ў Глінішчы разам з ім прыязджаў Пётр Міронавіч Машэраў.
І.П. Мележ заўсёды любіў гутарыць з вяскоўцамі, бываць у лясным масіве «Дуброва», па якім у пяцігадовым узросце за 5 кіламетраў бегаў да любімага дзеда Дзяніса ў вёску Курані. Дзед быў вялікі казачнік, іграў на скрыпцы, разводзіў пчол. Іван Паўлавіч любіў пасядзець пад дубам, на які вешалі арэлі, у духмяным стозе сена, ездзіць ва ўрочышча «Вішанькі». Аб гэтым сведчаць фотаздымкі, якія ёсць у музеі.
А як хораша ён адгукваўся аб сваіх земляках: «У звычайнай, амаль нічым непрыкметнай маёй вёсцы Глінішча вы можаце сустрэць нямала людзей, размова з якімі ўзбагаціць вашу душу і розум».
Я ездзіла ў Мінск, каб правесці ў апошні шлях Івана Паўлавіча. За сваё кароткае жыццё (пражыў усяго 55 гадоў) І.П. Мележ напісаў многа вершаў, выдадзены зборнікі яго апавяданняў, пастаўлены п’есы.
І.П. Мележ напісаў раман «Мінскі напрамак». Але найвышэйшым дасягненнем творчасці пісьменніка з’яўляецца трылогія «Палеская хроніка», якая складаецца з трох раманаў «Людзі на балоце» (Літаратурная прэмія імя Я. Коласа), «Подых навальніцы» (Ленінская прэмія), «Завеі. Снежань». Па «Палескай хроніцы» кінарэжысёр Віктар Тураў зняў фільм «Людзі на балоце». Здымкі вяліся не ў нашай мясцовасці, а недзе на Магілёўшчыне, бо да таго часу ў нас балоты былі асушаны. А вось першы паказ кінафільма прайшоў у Глінішчанскім клубе. Віктар Тураў з групай, якая здымала фільм, прыехаў у Глінішча, каб пачуць водгукі аб кінакарціне ад землякоў пісьменніка.
Іван Паўлавіч валодаў найвялікшым прыродным дарам расказваць з усёй шчырасцю праўду аб Палессі, аб лёсе і жыцці палешукоў, любіў родную зямлю, якая дала яму дарогу ў жыццё.
Ен хацеў, каб чытачы яго твораў палюбілі гэтую зямлю, ведалі пра яе. «Каб зразумець сучаснае, трэба ведаць вытокі мінулага, з чаго мы пачыналі, праз што прайшлі. Хацелася, каб нашы дзеці і ўнукі ведалі гэтых людзей, іх жыццё, той нялёгкі шлях, які прывёў нас да сённяшняга дня. Доўгі, цяжкі, круты шлях прайшоў наш народ», – так гаварыў І.П. Мележ.
Іван Паўлавіч быў актыўным у грамадскім жыцці, з’яўляўся старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага камітэта абароны міру. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага і Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі «Знак Пашаны» і Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Яго іменем названы нашы сельгаспрадпрыемства і школа, а таксама вуліцы ў Глінішчы, Хойніках, Мінску, цеплаход, 2-я гарадская бібліятэка ў г. Гомелі, а таксама Беларуска-славянская гімназія № 36 у Гомелі і Мазырскі драматычны тэатр. У 2010 годзе ў Хойніках у Дзень беларускага пісьменства ў гарадскім парку адкрыта скульптурная кампазіцыя «Па старонках твораў Івана Малежа».
У Мінску, на доме, дзе жыў пісьменнік, змешчана мемарыяльная дошка. У 1980 годзе ўстаноўлена літаратурная прэмія імя Мележа.
Такім быў наш зямляк, светлай душы чалавек, які праславіў нашу Хойнікшчыну.
С. ЛІПНІЦКАЯ, пляменніца І.П. Мележа, дырэктар музея пісьменніка ў в. Глінішча.