Галасамі нашчадкаў: артылерыст Антон Шаціла зарабіў мір для сваіх дзяцей і ўнукаў

На пути к Победе

Адным з самых кранальных момантаў святкавання Дня Перамогі людзі ўзгадваюць парад «Беларусь памятае». Калі людзі ў вялікім шэрагу нясуць партрэт свайго родзіча, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне.

Заўсёды ідзе ў калоне і хайнічанін Ігар Шаціла. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў не прапусціць гэту дату і сёлета. Наадварот, яшчэ лепей падрыхтуецца.

– Адшукаў у стосах дакументаў ваенны білет свайго дзядулі – Антона Людвігавіча Шацілы. Цяпер замовіў зрабіць паўнавартасны партрэт з фотаздымка на дакуменце, – дзеліцца з гонарам Ігар Мікалаевіч.

Ураджэнец вёскі Варацец Антон Шаціла, здавалася б, паўтарыў лёс звычайнага савецкага грамадзяніна: атрымаў 4 класы адукацыі, у 1930-х адслужыў у арміі і вярнуўся на малую радзіму. Там хутка ажаніўся з прыгажуняй Варварай, сям’я пачала расці. А потым… была вайна.

У ліку першых Антон Людвігавіч адправіўся на фронт. У 1942 годзе атрымаў сур’ёзнае раненне ў руку, паправіў здароўе ў шпіталі і зноў на фронт.

Увесь гэты час мужчына нават не ведаў, ці ў бяспецы яго родныя. Але працягваў гнаць фашыстаў са сваіх зямель.

Студзень 1945-га года: ад Варшавы тады засталася хіба што дзясятая доля, нацысты знішчылі ўсю інфраструктуру горада, яе прамысловасць і грамадзянскія кварталы. З 1939 года польская сталіца была пад гнётам акупантаў. Нарэшце савецкія войскі рушылі туды, выціскаючы ворага.

Ні сваім дзецям, ні тым больш унукам Антон Людвігавіч ніколі не расказваў, як няпроста давалася вызваленне нашым салдатам. Тады зямляк ваяваў у артылерыйскім палку.

Толькі па медалях нашчадкі маглі зразумець, што дзядуля быў надзвычай мужны і адважны чалавек.

Толькі ўявіце: Варшаўска-Познанская наступальная аперацыя пачалася 14 студзеня. Войскі 1-га Беларускага фронта перайшлі ў атаку і праз гадзіну былі на 2-3 км наперадзе. 16 студзеня Варшаву вызвалілі. У 1946 годзе наш зямляк Антон Шаціла заслужана прымае медаль «За вызваленне Варшавы». Якой цаной змаглі зрабіць гэта савецкія воіны, яны самі не імкнуліся дзяліцца.

Але час радавацца поспехам яшчэ тады не прыйшоў. Савецкія войскі рухаюцца да Одэра. Да Берліна гналі нацыстаў, і 9 мая святкавалі Вялікую Перамогу.

Бравы паляшук Антон Шаціла заслужыў медалі «За ўзяцце Берліна» і «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».

У 1946 годзе мужчына вярнуўся дадому. Нельга перадаць тое шчасце, калі салдат сустрэў сваю сям’ю цэлай.

Ішоў час, раслі дзеткі, Антон Людвігавіч працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, жонка рабіла даяркай, сталелі пяцёра дзяцей. Былы артылерыст разбіў вялізны яблычны сад, пра які, здаецца, ведалі не только ў Варатцы, але і ва ўсім раёне. І цяпер унукі ўспамінаюць, як уважліва дзядуля даглядаў свой сад, радаваўся ўраджаю – ён вельмі добра ведаў цану жыццю.

А сёння нашчадкі берагуць яго імя – і з гонарам могуць сказаць: дзякуй, дзеду, за мірнае наша жыццё!

Запісала Алеся ЯЧЫЧЭНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *