Кароткае жыццё – вялікае каханне

Людзі і лёсы

Лідзія Якаўлеўна Пятрова-Мележ  перажыла свайго мужа, вядомага беларускага пісьменніка Івана Паўлавіча Мележа, амаль на тры дзесяцігоддзі. Гэта была цудоўная пара, аб гісторыі кахання якой можна напісаць цэлую кнігу. Але з уходам вернай спадарожніцы класіка стала ясна, што ў гэтай кнізе многія старонкі ўжо назаўсёды застануцца чыстымі. Бо нямала з таго, што магла расказаць Лідзія Якаўлеўна, не раскажа ніхто.



Яна была бязмежна закахана ў творчасць Мележа, расказвала  нам, яго пляменнікам, як яны пазнаёміліся ў далёкім, а для яе родным Бугуруслане, як вырашыла стаць яго жонкай.Ведаю дакладна, што Лідзія Пятроўна была першым чытачом ўсіх твораў Івана Паўлавіча. І прысутнічала на ўсіх творчых вечарах. Маё першае студэнцкае ўражанне: па купалаўскаму скверыку Мінска пад руку крочаць Мележ у балоневым плашчы і Лідзія Якаўлеўна. Яны заўсёды былі побач, заўсёды неразлучныя.



Трэба сказаць, што Лідзія Якаўлеўна была вельмі інтэлігентнай жанчынай, начытанай, добра разбіралася не толькі ў літаратуры, але і ў мастацтве. Ей вельмі хацелася вярнуцца на сцяжынкі свайго юнацтва. Прапаноўвала нам разам з’ездзіць у Бугуруслан. Але яе хвароба і ўзрост перашкодзілі гэтаму ажыццявіцца.



Пазнаёміліся яны 22 кастрычніка ў Бугуруслане, калі І.П. Мележ папраўляўся пасля цяжкага ранення. 21-гадовы юнак, змучаны шпіталямі і вайной, сустрэў сваю будучую жонку – 19-гадовую дачку гаспадыні кватэры, дзе ён часова пражываў. І тады ж Мележ прызнаўся дзяўчыне, што хоча стаць пісьменнікам. Чым, напэўна, і заінтрыгаваў яе, і Лідзія Якаўлеўна кінула ўсё  і паехала з ім у далёкую і незнаёмую ёй Беларусь, а не ўгаварыла застацца ў Бугуруслане. У адваротным выпадку беларуская літаратура, хутчэй за ўсё, не мела б ні «Палескай хронікі», ні іншых мележаўскіх твораў.



Магчыма, спачатку было суперажыванне, калі яна ўбачыла перад сабой зраненага юнака. Але сваё каханне да яго потым пранесла праз усё жыццё. У яе не было расчараванняў, не было горкіх папрокаў, а было цярпенне, разуменне таго, што побач з ёю  чалавек, робячы ўсё, што яму дадзена небам. І быў саўдзел у гэтым. Яна давала гэтаму чалавеку сілы. А сама, дзякуючы яму, дзякуючы яго выдатным творам, закахалася ў Беларусь. Канешне, ёй хацелася напісаць аб ім. І Лідзія Якаўлеўна пісала, вывяраючы кожную фразу. І ў яе былі яўныя літаратурныя задаткі. Сваімі ўспамінамі Лідзія Якаўлеўна хацела нам даць магчымасць адчуць тое, што было ў яе душы. Дзякуючы ім яшчэ больш прыбавілася святла ў вобліку Івана Паўлавіча Мележа.



Л. КРАЎЧАНКА, родная пляменніца І.П. Мележа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *