У шэрагу яскравых экранізацый багатай літаратурнай спадчыны на беларускім экране дастойнае месца займае тэлевізійная эпапея Віктара Турава «Людзі на балоце» паводле выдатнай палескай трылогіі Івана Мележа. Праз чвэрць стагоддзя пасля выхаду стужкі на экраны вучань Турава – рэжысёр Анісімаў стварыў хранікальна-дакументальны фільм пра нашага славутага земляка, на чыёй малой радзіме праходзіў у верасні летась Дзень беларускага пісьменства.
Глядзіш гэты фільм і акунаешся ў свет унікальных архіўных матэрыялаў, успамінаў сяброў І.П. Мележа, фатаграфій і кадраў са стужак. Падарожжа ў літаратурнае мінулае суправаджаецца тэкстам, які чытае за кадрам народны артыст Беларусі Ілля Курган.
Нягледзячы на тое, што «Палеская хроніка» была задумана і напісана амаль паўстагоддзя таму назад, яе змест і меркаванні надзвычай актуальныя.
Гэта фільм не толькі пра пісьменніка і яго твор. Аўтары разам з расказам аб жыццёвым і творчым шляху І.П. Мележа даводзяць пра тое, што яго хвалявала, пра што ён і пісаў сваю самую галоўную кнігу. Вядучая тэма «Палескай хронікі» – зямля і людзі на ёй. Напэўна, нездарма Мележ так і не завяршыў сваю трылогію. І справа не толькі ў тым, што не хапіла адпушчанага лёсам часу. Існуе іншая версія: творца магчыма не ведаў, як вывесці на паперы перыяд калектывізацыі беларускай вёскі. Мележ быў выбраны ў якасці героя кінастужкі яшчэ і па той прычыне, што ён быў не толькі адным з самых галоўных нацыянальных пісьменнікаў, але і чалавекам, які ўзняў пытанне пра зямлю, пра тое, каб яна належала тым, хто на ёй працуе.
Стужка атрымалася вельмі насычанай і паказала шмат раней невядомых старонак з жыцця і творчасці І.П. Мележа. Гледачы даведаліся з яе і пра пісьменніка, і пра яго маштабны твор нешта новае, па новаму ацанілі рэчы, апісаныя ў ім.
Г. МАЛЫШЭЎСКАЯ.