Гэтыя словы былі лейтматывам праведзенага 31 студзеня пасяджэння райвыканкама па падвядзенню вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойніцкага раёна ў 2010 годзе і задачах на 2011 год.
Новая пяцігодка – новыя мэты і арыенціры пастаўлены. І стратная праца, як і апраўданні ў яе карысць, не толькі не разглядаюцца, а нават не прымаюцца ўвогуле. На змену бяздзейнасці павінны прыйсці ініцыятыва, наватарства, слушныя прапановы.
З 2011 года валавы рэгіянальны прадукт фарміруюць усе прадпрыемствы любой формы ўласнасці, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна. І на фоне агульнага поспеху не схавацца цяпер адстаючым. Як, напрыклад, летась платныя паслугі выкананы. Але гэта ў цэлым. А ў разрэзе суб’ектаў гаспадарання ёсць такія, хто не справіўся. Так, не дацягнулі да задання ў 123% ДТСААФ, Хойніцкае бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру, КЖУП «Хойніцкі камунальнік», ДЭУ-45. Іх аргумент – «если бы да кабы» нікому не цікавы. Па словах кіраўніка раёна А.В. Бічана, тут не ўмовы трэба дыктаваць і не сядзець спакойна ў якасці статыста, а варушыцца самому і прымусіць варушыцца іншых вакол сябе. Кіраўнік на тое і пастаўлены, каб выконваць заданні і напрацоўваць павагу вынікамі працы ўзначальваемага калектыву.
Кожны працуючы на Хойнікшчыне, а эканамічна актыўнага насельніцтва ў нас больш за 9400 чалавек, фарміруе агульны вынік. Без пад’ёму эканомікі ў нас не будзе зарплаты, якую, галоўнае, не налічыць, а зарабіць. Як? Прыйшоўшы на працу без спазнення, у цвярозым стане, сумленна выканаўшы абавязкі, не дапусціўшы растраты дзяржаўнай маёмасці.
Прарыў, рэзкі скачок патрэбен хайнічанам асабліва ў жывёлагадоўлі. Надаіць на карову мы павінны ў 2011-м 4500 літраў малака (летась гэты паказчык у сярэднім на карову склаў 3696 літраў, чатырохтысячны рубеж перашагнулі толькі КСУПы «Аравічы» і «Веляцін», самы высокі тэмп росту валавой вытворчасці малака дасягнуты ў КСУП імя Мележа), а для гэтага ўмовы і тэхналогія ўтрымання і кармлення жывёлы павінны быць адпаведныя. Пасля чаго і прывагі на вырошчванні і адкорме БРЖ узрастуць і не будуць такімі ганебна-мізэрнымі: у мінулым годзе ў сярэднім па раёну яны склалі толькі 572 грамы. Стаіць задача гаспадарчым спосабам пабудаваць у кожным сельгаспрадпрыемстве па аднаму дабротнаму памяшканню для ўтрымання БРЖ. На гэтыя мэты сёлета ў раёне плануецца затраціць 2 млрд. руб.
Немалаважную ролю пры падыманні з кален сельскай гаспадаркі павінны адыграць асабістыя падсобныя гаспадаркі жыхароў раёна. Павялічваючы іх колькасць, адначасова мы павялічым карысць уласную і карысць агульную. Малако з падворкаў здаваць на «Палескія сыры», цялят – у гаспадаркі, чым зможам павялічыць грамадскі статак.
На пасяджэнні былі зацверджаны мерапрыемствы па рэалізацыі абласной праграмы развіцця малочнай галіны ў 2011-2015 гг., а таксама мерапрыемствы па развіццю і падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у Хойніцкім раёне на 2011-2015 гг.
Дзеля большага атрымання прадукцыі раслінаводства сёлета плануецца ўключыць у севазварот дадаткова 500 гектараў земляў двух гаспадарак раёна шляхам правядзення меліярацыі, на што выдзелена 2 млрд. 400 млн. руб.
Больш чым на 70 % датацыённым з’яўляецца наш раён. Ад такой залежнасці мы павінны паступова адыходзіць. І шлях адзін – глыбокі аналіз зробленага, дакладнае планаванне на будучае і няўхільнае выкананне ўсяго намечанага.
У ходзе пасяджэння райвыканкама таксама былі разгледжаны пытанні «Аб выкананні бюджэту Хойніцкага раёна за 2010 год і задачах па яго выкананню ў 2011 годзе», «Аб выкананні рашэння Хойніцкага раённага выканаўчага камітэта ад 27.05.2009 № 544 «Аб лазневым абслугоўванні насельніцтва раёна».
Ірына ЛУКАШЭНКА.