На педагагічным небасхіле Хойнікшчыны разгараецца новая зорка. Намеснік дырэктара гімназіі г. Хойнікі па выхаваўчай рабоце К.І. Марчанкова выйшла пераможцам суперфінала раённага конкурсу «Настаўнік года-2011» і будзе абараняць гонар нашага раёна на абласным прафесійным конкурсе. Сваімі ўражаннямі ад праведзенага мерапрыемства яна падзялілася з карэспандэнтам «ХН».
– Ксенія Іванаўна, ці адчуваўся на раённым конкурсе дух саперніцтва?
– Як такога, яго не існавала. З многімі ўдзельнікамі знаёма даўно, з кімсьці сутыкалася пры рабоце. Усе шчыра радаваліся за поспехі адзін аднаго і жадалі толькі перамогі. Радуе тое, што большасць канкурсантаў – маладыя настаўнікі. А гэта сведчыць аб высокім прафесіяналізме на пачатку працоўнай кар’еры.
– Якія асабістыя ўражанні ад конкурсу вынесены?
– Я ўпершыню прысутнічала на падобным конкурсе ў якасці ўдзельніка. Арганізацыя мерапрыемства была на вышыні. Думаю, што незалежна ад таго, з якім вынікам выступілі ўдзельнікі, кожны застаўся задаволеным, таму што такая магчымасць – вялікі вопыт для далейшай прафесійнай дзейнасці. І, канешне ж, шчыра ўдзячна ўсяму калектыву гімназіі, людзям, якія падтрымлівалі мяне на працягу ўсяго конкурсу.
– На што нацэльвае перамога?
– Да такога выніку ішла даўно. Яшчэ калі вучылася ў школе, любоў да замежных моў падштурхнула мяне да выбару прафесіі, у ГДУ імя Ф. Скарыны вывучала англійскую і французскую мовы. Дарэчы, ВНУ, як і сярэднюю школу, я закончыла з адзнакай. У гэтым жа ўніверсітэце атрымала і другую вышэйшую адукацыю на юрыдычным факультэце. У выніку супрацоўніцтва з дабрачыннымі арганізацыямі «За шчаслівае дзяцінства» і «Дапамога» ў якасці супраджаючай нашых дзяцей на аздараўленне за мяжу апошнія пяць гадоў вывучыла і італьянскую мову.
Зараз у сваёй працы стараюся быць сябрам для вучняў, якому дзеці давяраюць. А калі табе давяраюць рабяты, то яны «ўпітваюць» у сябе ўсе веды, якім навучаеш.
– Які настрой на абласны конкурс?
– Папярэдне ён адбудзецца ў сакавіку. Актыўную падрыхтоўку да мерапрыемства абласнога маштабу мяркую пачаць пасля курсаў у Гомельскім інстытуце павышэння кваліфікацыі – на іх запрошаны пераможцы конкурсу «Настаўнік года-2011» з усіх раёнаў нашай вобласці. На курсах нам раскажуць пра тое, у якіх намінацыях конкурс будзе праходзіць, падкажуць напрамкі падрыхтоўкі.
– Ксенія Іванаўна, жадаем поспехаў на абласным конкурсе.
– Шчыра дзякую і пастараюся апра-ўдаць чаканні маіх калег і балельшчыкаў.
Гутарыла Клаўдзія БОСАК.