Сваю чарговую вандроўку запланавалі ў Судкова напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
На шчасце, гэты населены пункт не перанёс тыя выпрабаванні, што выпалі на выселеныя з зоны радыяцыйнага забруджвання вёскі. Але ж менавіта тут праз нейкі час знайшлі сабе свой куток тыя самыя перасяленцы.
Пазнаёміліся з некалькімі сем’ямі. На вуліцы Новабудаўнічай пражывае паважаная Вольга Краўчанка. Ураджэнка вёскі Дронькі, яна ў 19 гадоў пайшла замуж за прывабнага трактарыста Мікалая і перайшла да яго ў Пагоннае. Там муж і жонка нарадзілі і выхавалі семярых дзяцей, працавалі ў саўгасе «Перамога сацыялізму». Вольга Яўціхаўна атрымала заслужанае званне Маці-гераіні і адпаведныя высокія ўзнагароды, уключаючы ордэны «Мацярынская слава» І і ІІІ ступені.
Так бы і жылі сабе землякі, але здарыўся Чарнобыль.
Сёння жанчына з горыччу ўспамінае першыя месяцы пасля аварыі. Трое малодшых дзяцей былі яшчэ школьнікамі, таму Вольга Яўціхаўна перавезла іх у Выбарг Ленінградскай вобласці, да адной са старэйшых дочак. З мужам дамовіліся: як толькі Мікалай Іванавіч зможа прыехаць, пачынаюць новае жыццё.
Надзежда Бабраўнічая
Адна з дачок расказала, што бацька, акрамя набору патрэбных рэчаў, захапіў з роднага дома тое, што палічыў важным: партрэт любімай жонкі і яе мацярынскія медалі. Усё захоўваецца і зараз у гаспадыні.
На чужыне сям’я вытрымала амаль год, пасля чаго вярнуліся на Хойнікшчыну. Так, з 1987 года сям’я Краўчанка жыве ў Судкова. З часам сюды прыехалі і дзеці. Недалёк ад хаты дом сына Анатолія, які (іронія лёсу!) працуе ў Палескім запаведніку пажарным і мясціны свайго дзяцінства бачыць часцей за ўсіх. Астатнія родныя штогод прыязджаюць у зону на могілкі. І зараз плануюць наведаць той край.
Рыхтуюцца да Радуніцы муж і жонка Ляшчун. Лілія Уладзіміраўна і Вячаслаў Мікалаевіч нарадзіліся і выраслі ў Мокішы, а пасля вяселля атрымалі ключы ад уласнай хаты ў Бабчыне, дзе працавалі ў калгасе «Акцябр». Нашы землякі 28 красавіка адзначаць 46 гадоў сумеснага жыцця, якое прынесла ім нямала выпрабаванняў.
Абодва ўспамінаюць 1986 як час няпростых рашэнняў. З Бабчына яны паехалі толькі ў снежні, а раней прытулілі ў сябе сям’ю з Прыпяці. Былі сведкамі высялення жыхароў Баршчоўкі, прымалі людзей адтуль у сябе. Вячаслаў Мікалаевіч як адказны аграном усё лета сачыў за калгасным ураджаем, хаця ўвосені яго патрэбна было знішчыць.
Зімой трапілі ў вёску Дварэц Рэчыцкага раёна, далей пераехалі ў Левашы. Праз два гады вярнуліся на Хойнікшчыну – тут былі рады спецыялістам. Вячаслаў Мікалаевіч працаваў у калгасах, а з 1990 па 1997 гады ўзначальваў Дварышчанскі сельвыканкам. На пенсію ж пайшоў з Палескага запаведніка, а Лілія Уладзіміраўна – з Судкоўскай школы. Ніводны з іх не сумуе, што калісьці прынялі рашэнне вярнуцца ў свой раён. Кажуць, так сабе жыццё падоўжылі. Ды і не яны адзіныя так лічаць.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.