Гаспадыня Паселіцкай Крамы

Гандаль і абслугоўванне

Гандаль – адзін з самых старажытных заняткаў у гісторыі чалавецтва. Нават можна смела сказаць, што гандлёвая справа з’яўляецца адной з рухаючых сіл, якая дапамагае ажыццяўляць не толькі куплю-продаж, але, перш за ўсё, якая з’яўляецца сродкам зносін людзей.
І немалаважнае значэнне ў гэтых зносінах мае чалавек, які знаходзіцца па той бок прылаўка. Не пакупнік, прадавец. Пэўна, заўважалі, што часам менавіта з-за прадаўца не хочацца заходзіць ў гандлёвую кропку, аднаго позірку часам бывае дастаткова, каб адбілася жаданне здзейсніць пакупку.
Гераіня сённяшняй публікацыі – Лідзія Арсеньеўна Курэнь – з ліку тых, хто душой і ветлівым словам ставіцца да сваіх пакупнікоў. Да кожнага з іх. І выбар яе кандыдатуры для напісання артыкула невыпадковы: Л.А. Курэнь да добрым рахунку ў кіраўніцтва, пакупнікі таксама толькі са станоўчага боку ацэньваюць работу прадаўца.
Магазін № 52 раённага спажывецкага таварыства ў Паселічах Лідзія Арсеньеўна прыняла ў жніўні мінулага года. Да гэтага яна больш 11 гадоў працавала ў гандлёвай кропцы ў Веляціне.
Увогуле, з гандлёвай справай звязана ўсё жыццё жанчыны. «Тутэйшая я, – узгадвае Л.А. Курэнь мінулае, – пасля заканчэння Паселіцкай школы пачула пра тое, што можна вывучыцца на прадаўца ў Бабчыне. Вывучылася, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок і пачала свой працоўны шлях тут, у Паселічах, потым вось у Веляціне працавала, а зараз зноў вярнулася дадому. Да сваіх пакупнікоў».
Работу сваю Лідзія Арсеньеўна любіць і нават не прадстаўляе, што магла выбраць некалі іншы шлях. «З 9 раніцы да 8 вечара я на рабоце, і гэта мне не ў цяжкасць, – дзеліцца жанчына. – Кожнаму ўсміхнуся, падкажу што-небудзь, прыму заказ і пастараюся як мага аператыўней яго выканаць. Таму што задаволены пакупнік – гэта лепшы паказчык маёй работы».
Акрамя абслугоўвання пакупнікоў вялікую ўвагу надае Л.А. Курэнь навядзенню парадка на тэрыторыі вакол магазіна, радуюць кветкі на клумбах. Нягледзячы на занятасць, паспявае і з хатнімі справамі. Дочкі выраслі, і хаця ні адна з іх не працягнула матуліну справу, аднак, між тым, сваю прафесію звязалі з бухгалтарскай справай. Радуюць бабулю ўнукі. І ў гэтым шчасце: у любімай рабоце і любімай сям’і.

Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *