Філасофія дамінуючай прыгажосці

Людзі і лёсы

Кожны раз, калі ўзгадваю Аляксандра Рыгоравіча Балобана, уяўляю яго сабе тым, кім і ведаў у сваім школьным юнацтве – выкладчыкам фізічнага выхавання. Ведаючым, патрабавальным, бязмежна ўлюбёным у сваю прафесію. А яшчэ – чалавекам, які прывёз у наш раён сапраўдны, «арганізаваны» хакей, пад кіраўніцтвам якога ў горадзе з’явіліся першыя хакейныя каробкі, і які стаяў каля вытокаў нашых першых хакейных перамог на абласным, а потым і на рэспубліканскім узроўні.

А пабываўшы ў яго дома, наогул пераканаўся ў тым, наколькі Аляксандр Рыгоравіч – неардынарная і шматгранная асоба. І справа тут не толькі ў яго «залатых», як прынята казаць, руках, хаця і ім патрэбна аддаць належную даніну павагі і захаплення. Маю на ўвазе яго ўспрыманне навакольнага свету, уменне ўбачыць незвычайнае ў звычайным, надаць прыгажосць і вытанчанасць нават самым звыклым і штодзённым рэчам.
Біяграфічна яго жыццё быццам бы падзелена на дзве часткі. У першай з іх ён працаваў з дзецьмі, займаючыся з імі відамі спорту, якія любіў і ведаў: лёгкай атлетыкай, валейболам і баскетболам, футболам і хакеем. Было задавальненне, былі поспехі, былі дыпломы і граматы і ў СШ №№ 1, 3, ДЮСШ, ПТВ-183.
Але потым ён у нейкі момант адчуў, што для таго, каб найбольш паўней рэалізаваць сябе ў гэтым жыцці, яго душа запатрабавала перамены роду заняткаў. Так бывае ў многіх творчых людзей, калі яны адчуваюць у сабе велізарны патэнцыял у іншай сферы дзейнасці, які літаральна рвецца вонкі.
Таму і папрасіў у сярэдзіне 90-х гадоў кіраўніцтва прафесійна-тэхнічнага вучылішча перавесці яго працаваць сталяром. Сёння Аляксандр Рыгоравіч ніколькі не шкадуе аб гэтым сваім лёсавызначальным рашэнні.
– Цягу да майстравання, і асабліва, да работы з дрэвам, я адчуваў у сабе даўно. Яшчэ са школьных гадоў у мяне проста і натуральна атрымлівалася майстраваць, вырабляць не самыя складаныя хатнія рэчы. Ніхто і ніколі не дзяліўся са мной нейкімі сакрэтамі майстэрства, хаця, канешне былі ўрокі працы ў Савіцкай СШ Брагінскага раёна, якую ў свой час закончыў. Потым, ужо ў дарослым жыцці ніколі не адчуваў ніякіх праблем, калі даводзілася пакарыстацца рубанкам, стамескай альбо сякерай. І толькі пачаўшы прафесійна працаваць сталяром, адчуў, якое гэта задавальненне, якія магчымасці для палёту фантазіі ў мяне адкрыліся.
Мы размаўляем з Аляксандрам Рыгоравічам на балконе. Як і ўсе пакоі яго кватэры, ён такі, што не ведаеш, дзе тут спыніць сваё вока. Тут і незвычайнае афармленне кожнай са сцен, і колерамузыка, і такія ж незвычайныя падвоеныя дзверы, нават вокны і тыя шчодра аздоблены вітражамі. А зала, кухня, спальня, калідор, нават туалет і ванны пакой – усё гэта проста шэдэўры ручной работы.
Асабліва ўразіла такая думка майстра:
– Дастаеўскі вуснамі аднаго са сваіх герояў сцвярджаў, што свет выратуе прыгажосць. Цалкам згодны з гэтай думкай класіка і мне так хочацца, каб зніклі з нашага жыцця шэрыя, няўклюдныя рэчы, такія ж змрочныя колеры і фарбы, а ўсё навокал было вытанчаным і прыгожым.
Гэтыя словы Аляксандр Рыгоравіч актыўна падмацоўвае справай, і ўсё ў яго кватэры адпавядае гэтай своеасаблівай філасофіі дамінуючай прыгажосці. Варта толькі ўбачыць, з якой фантазіяй, любоўю і майстэрствам выкананы звычайныя журнальныя столікі ў зале і прыхожай…
– Але ж, – трапна заўважае мой суразмоўца, – гэты вобраз, эскіз будучага выраба, перш-наперш, трэба прыдумаць, дэтальна ўбачыць яго ў сваёй галаве. А гэта, іншым разам,і атрымліваецца самым складаным у рабоце.
Пра тую цудоўную экспазіцыю, створаную рукамі А.Р. Балобана каля яго пад’езда, пра тое, з якім густам, майстэрствам і ўменнем аформлены і сам пад’езд, наша газета пісала ўжо не раз. Як не раз паведамлялі мы і аб тых шматлікіх узнагародах, граматах і дыпломах, якія штогод атрымлівае гэты чалавек. Яго майстэрствам і ўменнямі пастаянна захапляюцца госці з-за межаў раёна, жыхары краін блізкага і дальняга замежжа. Пра яго не раз расказвала абласное і рэспубліканскае тэлебачанне, пісалі сродкі масавай інфармацыі Беларусі і замежных краін.
Але ж толькі творчасцю і майстэрствам гэтага ўнікальнага чалавека не вычэрпваецца яго велізарны жыццёвы патэнцыял. Ён – пастаянны арганізатар і ўдзельнік самых розных сустрэч з людьмі, якіх рэгулярна прымае яго незвычайная і гасцінная кватэра. Гэта – і сустрэчы з былымі аднавяскоўцамі з адселеных пасля чарнобыльскай трагедыі Пучына і Савіч, сустрэчы з былымі аднакласнікамі, а таксама яго вучнямі школ і ПТВ, якія выдатна памятаюць і паважаюць Аляксандра Рыгоравіча, сустрэчы з сённяшнімі школьнікамі і гімназістамі…
Проста дзіву даешся таму, адкуль на ўсё хапае сіл у гэтага чалавека. Ды яшчэ жывучы ў кватэры з 90-гадовым ветэранам-франтавіком, бацькам Рыгорам Данілавічам. Але падцягнутасці, маладжавасці і бадзёрасці, якія ён дэманструе, перасягнуўшы на восьмы дзесятак, можна толькі па-добраму пазайздросціць. І гэта пры тым, што ён яшчэ і сёння ў рабочым страі – працуе сталяром у райспажыўтаварыстве, і працуе так, што яго зайздросная калекцыя грамат, дыпломаў, іншых узнагарод і ўдзячнасцей з кожным днём толькі павялічваецца.
Так, непрыкметна праляцеў час, і ў першы дзень лета Аляксандр Рыгоравіч Балобан адзначыў свой 70-гадовы юбілей.
– У бога я прашу толькі аднаго, – гаворыць юбіляр, – даць мне сіл, часу і магчымасцей ажыццявіць і ўвасобіць у жыццё ўсё тое, што задумаў…
Віншуем, Маэстра, і спадзяемся на тое, што так яно і будзе.

Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Наталлі ЧЭКАН і Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *