Галоўнае на свеце — каб усміхалісь дзеці

Культура Рэха падзеі

У Міжнародны дзень абароны дзяцей Хойнікшчына акунулася ў святочныя мерапрыемствы.
У летнім амфітэатры прайшла незабыўная тэматычная праграма «Усе мы родам з дзяцінства», а на адкрытай пляцоўцы Цэнтра культуры адбылася яркая забаўляльная праграма «Няхай лета звонкае смяецца».
Маленькіх гледачоў віталі дзіцячымі кампазіцыямі, харэаграфічнымі нумарамі, музыкай. На дзвюх пляцоўках выступалі юныя вакалісты і танцоры, свае яркія музычныя нумары дарылі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў.
Усе ўдзельнікі конкурсаў і спаборніцтваў атрымалі салодкія прызы і падарункі ад спонсараў. Падзяку за гэта выказваем К.З. Жанаеву (ООО «Тюбетейка»), магазіну «Праздничек», індывідуальным прадпрымальнікам А.В. Ібрагімаву, Ю.К. Равяка, А.М. Шаціла і многім іншым.
Мерапрыемствы насілі не толькі забаўляльны характар, але і паслужылі напамінам пра неабходнасць абараняць жыццё, здароўе і правы дзяцей, іх бяспеку. Сумесна з райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, аддзяленнем Дзяржаўтаінспекцыі, грамадскімі аб’яднаннямі былі праведзены розныя прафілактычныя акцыі «Не пакідайце дзяцей адных», «У дарогі няма канікул», «Бяспека дзяцей у час канікул», «БРСМ – дзецям». Рабяты атрымалі не толькі практычныя навыкі, але і флікеры, памяткі і іншую наглядную агітацыю.
Традыцыйна ва ўсіх гарадскіх і сельскіх установах культуры стартаваў Дзень адчыненых дзвярэй. Гэта выдатная магчымасць пазнаёміць дзяцей з рознымі напрамкамі дзейнасці гурткоў, студый устаноў культуры, данесці тое, што лета – час цікавых мерапрыемстваў, а ўстановы культуры – месца, дзе яны ў поўнай меры змогуць рэалізаваць свой патэнцыял, развіць свае творчыя здольнасці і атрымаць масу пазітыўных эмоцый і ўражанняў. Для бацькоў – магчымасць пераканацца, што ўстановы культуры – гэта цудоўнае месца для вольнага часу іх дзяцей, а таксама ўпэўніцца, што іх дзеці будуць знаходзіцца пад пільнай увагай.

В. ЮХНО, метадыст РДК.
Фота Вольгі БЕЛАШ і Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *