Свята сапраўдных мужчын

Рэха падзеі

Армія і воінская служба займаюць асаблівае месца ў жыцці кожнага з нас. Для ўбеленага сівізной ветэрана гэта памяць аб вялікіх падзеях, у якіх яму давялося ўдзельнічаць, аб загінуўшых таварышах на палях баёў, аб цяжкай маладосці. Для тых, хто служыў у арміі ў пасляваенны час, – строгія камандзіры і верныя сябры, паспяхова здадзены экзамен, зарад на ўсё жыццё. Для тых, хто служыць зараз або рыхтуецца стаць у рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, – гэта магчымасць праверыць сябе, загартаваць свой характар, пазнаць сваю сапраўдную цану.



Дастойна нясуць воінскую службу нашы землякі. Адначасова былі прызваны ў армію тры браты – Сяргей,  Юрый і Аляксандр Балашчанкі, служылі ў Брэсце ў паветрана-дэсантных войсках, нядаўна дэмабілізаваны. Зараз службу нясе іх малодшы брат Яўгеній у Пінску ў пагранічных войсках.
Дзень абаронцаў Айчыны – свята, зацверджанае ў памяць аб падзеях 23 лютага 1919 года, калі рух нямецкіх часцей быў спынены маладой Чырвонай Арміяй пад Псковам і Нарвай. Узброеныя  Сілы Рэспублікі Беларусь бяруць свой пачатак ад 1 чэрвеня 1992 года, калі на базе Беларускай ваеннай акругі былі створаны Узброеныя Сілы суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.



Самым сур’ёзным выпрабаваннем для савецкіх Узброеных Сіл, лепшыя традыцыі якіх пераняла цяперашняя Беларуская армія, стала Вялікая Айчынная вайна. Масавы гераізм і самаахвяраванне праявілі ў тыя суровыя дні салдаты і афіцэры, партызаны і падпольшчыкі. Дзякуючы іх вялікай мужнасці і нязломнай стойкасці была дасягнута Вялікая Перамога, 65-годдзе якой мы ўрачыста адзначылі ў мінулым годзе.



Сёння – адзін з нямногіх дзён у календары, калі моцная палова чалавецтва мае законнае права прымаць віншаванні. І кожны мужчына, няхай ён афіцэр або праграміст, бізнесмен або міліцыянер, вучоны або фермер, – абаронца.



Ад імя раённага ваеннага камісарыяту віншую ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, воінаў-інтэрнацыяналістаў, усіх жыхароў горада  і раёна з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, жадаю моцнага здароўя, мірнага неба, шчасця, поспехаў на карысць нашай Радзімы.


 


А. ЗДОР, ч.в.а. раённага ваеннага камісара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *