У хойніцкай сям’і Анісенка на ўчастку адно хараство

Добраўпарадкаванне Жыллё маё


Наша гаворка з хайнічанінам Васіліем Сцяпанавічам Анісенкам пачалася зрасказа пра надзвычай упрыгожаны ўчастак па вул. Будаўнічая горада, дзе пражывае мужчына. Разам са сваёй жонкай Верай Уладзіміраўнай яны зрабілі з прысядзібнага кавалачка зямлі нібыта райскі сад з мноствам цудоўных куточкаў. З мая па кастрычнік квітнеюць разнастайныя дэкаратыўныя расліны, у ценю высокіх пладовых дрэў гаспадары пабудавалі навесы.

Не ўпершыню па гэтым адрасе запрашаюць карэспандэнтаў: гэта домаўладанне адзначалася і ў раённым конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне, у праекце раёнкі “У вас прыгожа? Тады мы ідзем да вас!”. Творчы энтузіязм гаспадароў дома № 19 па вул. Будаўнічая не ведае перадыху па сёння, што не можа застацца незаўважаным.

Каля самога дома летась паставілі каркас для вінаграда, за два лета лаза так вырасла, што поўнасцю ахінула драўляную арку і стварыла прародную ахову ад спёкі. Тут раніцой вельмі падабаецца сядзець гаспадыні. Вера Уладзіміраўна з запалам расказвае пра дзесяткі ружовых кустоў, якія растуць каля дома. Толькі адзінкі з іх набыты на рынку, астатнія жанчына вырасціла з асобных руж са святочных букетаў. Увагу прыцягвае яркая малая архітэктурная форма – вялікі белы лебядзь-клумба. Нават імя ў пташкі ёсць – Варвара, у памяць пра любімую бабулю гаспадыні. З-за слабага здароўя яна не можа даглядаць свій райскі сад, таму ўсе абавязкі пераняў муж.

Як расказвае Васілій Сцяпанавіч, у іх няма непатрэбных рэчаў – усё ідзе на добраўпарадкаванне. У старых чыгунках зараз квітнеюць пятуніі, бабуліны гарлачы ўверх дном сушацца на дрыне, нават калісьці выкарыстаныя металічныя бочкі сёння пераўтварыліся на клумбы для гуркоў. Ёсць на ўчастку і меясца для агарода, дзе вырошчваюць усё самае патрэбнае.

Нямала цікавага можна знайсці на здавалася б невялікім кавалачку зямлі. Але толькі пачнеш тут гуляць і разглядваць усе кветкі, часу не хопіць – столькі ўсяго расце і дорыць незабыўны прыемны водар!
У сярэдзіне аранжэрэі нават штучны вадаём ёсць. Яго зараз аднаўляюць, а хутка паселяцца ў вадзе малькі рыбы – нашто дарэмна ваду пераводзіць, так мяркуе гаспадар.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *