Для вас спявае Наталля Шарапава

Людзі і лёсы

І сёння ёй успамінаецца, як дзяўчынкамі-школьніцамі заўсёды ўдзельнічалі яны, дзве сястрычкі, у канцэртах, як спявалі ў школьным хоры, якім кіравала сапраўдны майстар сваёй справы Т.Я. Грэк – былая настаўніца спеваў СШ № 3 г. Хойнікі. Займаўся з Ленай і Наталляй, калі быў жывы, і бацька, які таксама выкладаў музыку ў школе, акампаніраваў дочкам на баяне.



Ішоў час. Лёс не заўсёды песціў у жыцці гераіню замалёўкі, але заўсёды памочнікам і выратавальнікам была для Наталлі Шарапавай (на здымку) песня. Яе моцны звонкі голас сапрана радуе слухачоў. Асабліва ўдаюцца ёй народныя песні, і сёння, бадай, ніводнае мерапрыемства ў нашым горадзе і раёне не абыходзіцца без яе ўдзелу.
З задавальненнем Наталля выступае ў складзе самадзейных калектываў раёна. Пасля работы, а працуе яна ў гаспадарчым аддзеле ПДРЭЗ, развучвае новыя песні разам з творчым калектывам запаведніка.



– Колькі памятаю сябе, я заўсёды спявала. Песня дапамагае мне падтрымліваць пазітыўны душэўны стан, дапамагае справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі і дорыць вялікую асалоду, – гаворыць Наталля Мікалаеўна. – Калі выходжу на сцэну і адчуваю добрую аўру глядзельнай залы, бачу шчырыя ўсмешкі, чую апладысменты, тады прыходзіць разуменне, што мне ўдаецца падарыць людзям радасць, добры настрой, тады і сама сябе адчуваю лагодна і цудоўна.



Падзяляе погляд самадзейнай спявачкі і таксама захапляецца песняй яе муж Дзяніс. Ен ва ўсім – дарадчык і слухач, крытык і надзейная падтрымка. Дзяніс – асоба творчая, ён здольны музыкант, аўтар многіх музычных апрацовак. Вядома ж, першы падкажа, параіць. Часам па-добраму і паспрачацца могуць, але ў ходзе высвятлення адносін да музыкі і нараджаецца ісціна, прыходзяць да агульнага меркавання.



Разам з творчым калектывам ПДРЭЗ прымае Наталля Шарапава ўдзел у абласных, рэспубліканскіх конкурсах, аглядах. Яе поспехі адзначаны Ганаровымі граматамі, Дыпломамі. Як кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. У родным горадзе Наталля – часты ўдзельнік тэатралізаваных святаў.  
Шчодра аздоблена жыццё самадзейнай артысткі народнай песняй, і гэту акалічнасць яна лічыць адной са складаемых свайго жыццёвага шчасця. Хочацца пажадаць ёй творчага натхнення і каб яшчэ многія гады вядучыя аб’яўлялі са сцэны: «Для вас спявае Наталля Шарапава».



М. КРАЎЧАНКА, намеснік дырэктара ПДРЭЗ па ідэалагічнай рабоце.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *