Праехаўшы па кальцу, атрымалі ўсе адказы

Пад знакам Чарнобыля Рэха падзеі

З якіх толькі куткоў свету да нас не прыязджаюць! Толькі за апошнюю пяцігодку Хойніцкі раён наведала сорак дэлегацый з Японіі. Частымі візіцёрамі з’яўляюцца італьянцы, немцы, англічане, французы. Такой прывабнай, як бы двухсэнсоўна гэта ні гучала, для замежнікаў нашу зямлю зрабіла аварыя на ЧАЭС. Усім цікава, як мы тут жывем, ці чыстую прадукцыю атрымліваем, якія праблемы са здароўем маем.

Таму за гэты час – пастаяннага наплыву гасцей – у нас стварылася асобнае «Залатое кальцо Хойнікшчыны». І яно не з культурнымі славутасцямі, а з вытворчымі. Па гэтаму кальцу ў мінулую сераду правезлі і ўдзельнікаў міжнароднага трэнінг-курса, які праводзіўся на базе Інстытута радыялогіі.

Спачатку намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская падрабязна расказала аб нашым раёне: ад гісторыі да сучаснасці. Пры гэтым робячы акцэнт на тым, якая вялікая дапамога аказваецца Хойнікшчыне з боку дзяржавы пры дапамозе спецыяльных праграм. Пасля госці змаглі ўсё ўбачыць на ўласныя вочы.
Першы пункт – Пудакоўскі малочна-таварны комплекс. Далей – ПВУ ААТ «Мілкавіта». Пасля – Стралічаўская школа. І напрыканцы – запаведнік. Пабываўшы на гэтых аб’ектах, наведвальнікі атрымалі адказы на ўсе цікавячыя пытанні.

На ферме атрымліваюць чыстае малако, на заводзе дзейнічае трайны узровень кантролю, прадукцыю з уласных падворкаў правяраюць работнікі санслужбы.

Ужо са школы дзеці вучацца вымяраць ўтрыманне радыенуклідаў у прадуктах, а насельніцтва штогод праходзіць медыцынскае абследаванне, у тым ліку на СІЧ. Гэта асноўныя моманты, на якіх засяроджвалі ўвагу ўдзельнікі мерапрыемства.
Падрабязна на кожным аб’екце спыняцца не будзем, каб не паўтарацца з нядаўнімі публікацыямі ў газеце. Толькі звярну ўвагу на цікавы факт: наш Палескі вытворчы ўчастак супрацоўнічае з кампаніяй «Нэстле» – найбуйнейшым у свеце вытворцам прадуктаў харчавання. І вось атрымліваецца, што тыя ж самыя французы ці японцы, якія да нас прыязджалі, могуць у сябе дома есці шакалад, у якім будзе хойніцкае сухое цэльнае малако. Толькі ўявіце!
Што датычыць сельскай гаспадаркі, то змяненне структуры пасеваў і павелічэнне плошчаў пад кукурузу дазволіла забяспечыць пагалоўе жывёлы чыстымі кармамі. Сёння на забруджаных тэрыторыях праводзіцца неабходны комплекс ахоўных мер, каб гаспадаркі, фермеры і насельніцтва маглі вырошчваць прадукцыю, атрымліваць малако і мяса, адпаведныя нарматывам па ўтрыманні радыенуклідаў.
Канешне, нікога не пакідае раўнадушным наведванне Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Госці ўбачылі, як на яго тэрыторыі займаюцца нарыхтоўкай і перапрацоўкай драўніны, пчалярствам, развядзеннем племянных коней. Яны таксама пабывалі ў навуковым цэнтры запаведніка – лабараторыі спектраметрыі і радыяхіміі. Тут устаноўлена сучаснае абсталяванне коштам больш за сто тысяч долараў, вядуцца даследаванні, у выніках якіх зацікаўленыя замежныя навукоўцы.
Канешне, радуе, што нашы землі не проста захавалі, а вярнулі іх да жыцця. Сёння тут нармальна жывуць людзі, а нараджальнасць нават вышэй, чым у іншых абласцях рэспублікі. Трэба пабываць на Хойнікшчыне, каб убачыць неапісальную прыгажосць нашых мясцін і ўпэўніцца, што жыццё працягваецца.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *