У Гомелі прайшла 32-я справаздачна-выбарчая канференцыя абкама БРСМ

Тэрыторыя моладзі

У Гомелі прайшла абласная справаздачна-выбарчая Канферэнцыя абласной арганізацыі ГА «БРСМ». У бізнэс-цэнтры свабоднай эканамічнай зоны «Гомель-Ратон» на гэтым тыдні сабраліся прадстаўнікі актыўнай моладзі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, абласнога Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў для абмеркавання актуальных і праблемных пытанняў.
У ліку дэлегатаў на мерапрыемстве прысутнічалі хайнічане – намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Няволіна, лідары раённага камітэта БРСМ і маладзёжны актыў.
Канферэнцыю правялі ў фармаце адкрытага дыялога, дзе кожны жадаючы мог задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць кампетэнтныя адказы.
У час пачэснай цырымоніі не засталіся без увагі заслугі нашага раёна. Так, намеснік старшыні аблвыканкама У.А. Прывалаў уручыў Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў першаму сакратару райкама БРСМ Л.А. Гаркушы. За шматгадовае супрацоўніцтва, падтрымку і практычную дапамогу па рэалізацыі праектаў і праграм БРСМ Граматы маладзёжнай арганізацыі ўдастоена намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская.
Высокія ўзнагароды – шчодрая ацэнка зробленай работы і вялікі аванс за будучыя дасягненнні.
На Канферэнцыі падвялі вынікі дзейнасці абласной арганізацыі, выбралі новы састаў абласнога камітэта і кантрольнай камісіі БРСМ.
Наперадзе новыя праекты інавацыйнай і навуковай дзейнасці, але галоўнае, як адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ А.Э. Белякоў, – гэта кадры. На сёння ў абласной арганізацыі налічваецца больш за 80 000 чалавек, але спыняцца на гэтым не варта.

Тэкст і фота Алесі ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *