Лепшы падарунак — увага ветэранам

Белая Русь Рэха падзеі

У час святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў павіншавалі галоўных герояў дня – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Напярэдадні пачэсных мерапрыемстваў актывісты раённай арганізацыі рэспубліканскай грамадскага аб’яднання «Белая Русь» завіталі ў госці да Сямёна Аляксандравіча Акуленкі, які ў час вайны яшчэ падлеткам удзельнічаў у партызанскім руху. У яго гасцінным доме ў Хойніках гучалі шчырыя пажаданні моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. У якасці падарунка ветэран педагагічнай працы атрымаў прадуктовы набор.
Трэцяга ліпеня прымаў гасцей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Ігнатавіч Шкурко. Намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама С.М. Кушнер і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Г.М. Скачко правялі час з сапраўдным героем, уручыўшы падарункі.

Не з пустымі рукамі завіталі і да Рыгора Данілавіча Балобана. Сёлета ветэрану споўнілася 92 гады, ён па-ранейшаму не губляе пачуцця гумару і заўсёды рады новым знаёмым. У сяброўскай нефармальнай абстаноўцы госці пагутарылі з доўгажыхаром, які ўзгадаў пра сваю маладосць, апаленую жорсткай вайной.
Для людзей паважанага ўзросту з няпростым мінулым увага з боку землякоў стала яшчэ адной магчымасцю падзяліцца сваім жыццёвым вопытам і поглядамі на будучыню. Кожны з ветэранаў высока ацаніў жэст увагі і падзякаваў усім тым, хто штогод не забываецца пра сваіх герояў.

Дарэчы, слоў падзякі за дапамогу ў правядзенні ўшаноўвання ветэранаў заслугоўваюць калектывы Віцьеўскай і Судкоўская школ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Хойніцкага аддзялення Дэпартамента аховы, дзіцячага сада №4, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *