Намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Няволіна прынялі ўдзел у рэгіянальным семінары ў Гомелі, дзе абмяркоўваўся патэнцыял і актуальныя задачы сучасных СМІ.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства інфармацыі і Гомельскі аблвыканкам. Да дыялогу запрасілі прадстаўнікоў рэспубліканскіх, абласных і раённых газет, кіраўнікоў органаў дзяржкіравання і ідэалагічны актыў рэспублікі.
Для гасцей горада над Сожам арганізавалі насычаную праграму з экскурсіяй па Палацу Румянцавых і Паскевічаў. Пра магчымасці і рэсурсы сучаснай бібліятэкі даведаліся на прыкладзе абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна. Ускладаннем кветак у скверы імя Янкі Купалы ўшанавалі памяць беларускага песняра, 135-годдзе якога адзначалася зусім нядаўна.
Удзельнікі семінара пабывалі ў «кузнях» рэгіянальных навінаў: тэлерадыёкампаніі «Гомель» і рэдакцыі «Гомельскай праўды» – найстарэйшага выдання Беларусі. Калег з іншых абласцей зацікавіў вопыт стварэння ўнікальнага медыяхолдынга, у склад якога ўваходзяць газета, радыё, інтэрнэт-партал і выдавецкі дом. «Гомельскую праўду» паставіў у прыклад рэгіянальным СМІ намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч.
Пляцоўкай для семінара стаў бізнес-цэнтр Гомельскага хімічнага завода. Падчас экскурсіі ўдзельнікі азнаёміліся з вытворчым патэнцыялам прамысловага гіганта. На пленарным пасяджэнні начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама І.В. Даўгала адзначыла, што сродкі масавай інфармацыі павінны аператыўна рэагаваць і адгуквацца на падзеі, што адбываюцца. Для гэтага неабходна навучыцца працаваць у рэжыме онлайн.
Падчас дыялогу былі закрануты і праблемныя пытанні. У прыватнасці тое, што канкурэнцыю прафесійным журналістам складаюць так званыя фрылансеры і блогеры. Такіх паняццяў у законе аб СМІ няма. Сваімі не заўсёды праўдзівымі публікацыямі свабодныя ад адказнасці журналісты фармуюць меркаванне карыстальнікаў Сеткі. Нахабства і напор часам дзівяць. У сувязі з гэтым наспела неабходнасць унесці змяненні і дапаўненні ў закон аб СМІ, каб на заканадаўчым узроўні супрацьстаяць тым, для каго рэйтынгі важней праўды.
На семінары ганаровы знак Міністэрства інфармацыі «Выдатнік друку» ўручаны начальніку галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама І.В. Даўгала, Ганаровая грамата Міністэрства інфармацыі – галоўнаму спецыялісту па працы са СМІ гэтага ўпраўлення П.В. Барысаву. Падзяка Міністэрства інфармацыі аб’яўлена галоўнаму рэдактару раённай газеты «Калінкавіцкія навіны» І.І. Гарысту.
Ул. інф.