ТРЫ Ў АДНЫМ: нарада, экскурсія, узнагароджанне

Прафсаюзнае жыццё Рэха падзеі

Чарговая дэлегацыя паважаных гасцей на гэтым тыдні пабывала ў Хойніцкім раёне. Журналісты газеты, як заўсёды, апынуліся ў эпіцэнтры падзеі – мы ведаем падрабязнасці і дзелімся імі з вамі.

ХТО ПРЫЯЗДЖАЎ?
Кіруючы актыў Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Гэта былі прадстаўнікі розных гарадоў нашай краіны – старшыні абласных арганізацый Міхаіл Іванавіч Юхімук з Брэста, Віктар Сяргеевіч Гутараў з Віцебска, Іван Станіслававіч Алізаровіч з Гродна, Андрэй Юзэфавіч Някрэвіч з Мінска, Віктар Эдвардавіч Гейдэль з Магілёва, галоўны тэхнічны інспектар працы Сцяпан Аляксеевіч Петрушэнка з Гомеля. Узначальваў дэлегацыю кіраўнік Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Аксёнавіч Лабушаў.

З ЯКОЙ МЭТАЙ?
Яна была не адна. Па-першае, гэта правядзенне рабочай нарады. Асноўнай тэмай для абмеркавання стала гатоўнасць арганізацый галіновага прафсаюза да ўдзелу ва ўборачнай кампаніі і ўшанавання перадавікоў. Высветлілася, што ўсе цалкам гатовы і знаходзяцца ў чаканні прыемных вестак з палёў.
Другая мэта візіта – азнаёміцца з сацыяльна-эканамічным развіццём Хойнікшчыны, у прыватнасці з тым, як абстаяць справы ў сельскай гаспадарцы. Забягаючы наперад, адзначу, што ўсе былі ў захапленні ад убачанага.
Трэцяя нагода для прыезду – ушанаванне актыўных і працавітых работнікаў. Граматы і грашовыя падарункі ўручаліся на працоўных месцах у час наведвання розных аб’ектаў.

ДЗЕ ПАБЫВАЛІ?
Спачатку госці азнаёміліся з дасягненнямі ПВУ ААТ «Мілкавіта». Затым палюбаваліся прыгажосцю гарадскога парка, наведаўшы раённы краязнаўчы музей і гарадскі стадыён. Далей накіраваліся ў Пудакоў, дзе азнаёміліся з вытворчай дзейнасцю малочнатаварнага комплексу. Пасля трымалі шлях на машынна-трактарны парк КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» – там цікавіліся арганізацыяй аплаты працы камбайнераў, забеспячэннем належных умоў працы і быту работнікаў. Заехалі і ў вёску Губарэвічы, каб ўбачыць славутае дрэва з абліччам святой Багародзіцы. А закончылася паездка наведваннем пчальніка, навуковай часткі, музея і конефермы запаведніка.

КАГО ЎЗНАГАРОДЗІЛІ?
Ганаровыя граматы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі тры чалавекі. За шматгадовую добрасумленную працу, актыўную работу па абароне працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў членаў прафсаюза ўзнагарожаны вядучы спецыяліст па якасці ПВУ ААТ «Мілкавіта» Ганна Алегаўна Вяргейчык і старшыня прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Эксбаза «Стралічава» Наталля Іванаўна Бордак. За высокі прафесіяналізм, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву адзначаны начальнік малочнатаварнага комплексу «Пудакоў» КСУП «Веляцін» Андрэй Аляксандравіч Макаранка.
А дырэктару КСУП «Эксбаза «Стралічава» Уладзіміру Леанідавічу Бондару ўручаны нагрудны знак «За заслугі».

З ЯКІМІ ЎРАЖАННЯМІ АД’ЯЗДЖАЛІ?
Па заканчэнні мерапрыемства ў каментарыях усе былі салідарныя – Хойнікі вельмі прыгожыя, чыстыя і гасцінныя.Тут жывуць і працуюць цудоўныя людзі, у якіх многаму можна павучыцца. Нягледзячы на існуючыя праблемы, хайнічане не страчваюць аптымізм, будуюць, ствараюць і вераць у лепшую будучыню.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *