І вінаватыя ў гэтым бацькі юных правапарушальнікаў, вучняў трэцяй гарадской сярэдняй школы: 11-гадовых блізнят Лідзіі і Леаніда Малых, 13-гадовых Міхаіла Нацяткова, Аляксандра Міхедзькі і Дзмітрыя Караткевіча.
Як высветлілася, грошы для набыцця клею знайшліся ў Лідзіі, ёй іх даў бацька. Дарэчы, блізняты выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечнай сям’і, іх у мінулым годзе змяшчалі на часовае знаходжанне ў Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак – падставай для таго паслужыў факт ужывання Лідзіяй джын-тоніку. Бацька працуе, а маці было рэкамендавана працаўладкавацца, пры праходжанні медыцынскай камісіі ў яе выяўлена злаякаснае захворванне, лячылася ў Гомельскім анкалагічным дыспансеры. Нейкі час Малыя ўзяліся за розум, дзяцей ім вярнулі. Але вельмі хутка ўсё вярнулася на кругі свая: з-за п’янства маці не можа нават аформіць пенсію па інваліднасці, не цураецца спіртнога і бацька.
Вердыкт членаў камісіі па справах непаўналетніх быў аднагалосны: дзяцей зноў змясціць у прытулак, падрыхтаваць іск у суд на пазбаўленне бацькоўскіх правоў у адносінах бацькі, улічваючы хваробу маці.
Што датычыць яшчэ двух удыхальнікаў наркатычных пароў, то далейшы лёс Міхаіла Нацяткова, які выхоўваецца ў неспрыяльнай сям’і, прадвызначаны: хутка адбудзецца суд, згодна з рашэннем хлопец накіруецца ў спецустанову. Яшчэ ёсць шанц выратаваць Аляксандра Міхедзьку і Дзмітрыя Караткевіча – бацькам трэба, як кажуць, не спускаць з іх вачэй, пры гэтым не трэба спасылацца на рабочыя абставіны. Да таго ж, каб неяк разлучыць гэтую кампанію, вырашана перавесці Дзмітрыя на вучобу ў СШ №1, у раёне якой пражывае.
Клаўдзія БОСАК.