Халодны сакавік унёс сваю спецыфіку ў работу земляробаў. Зацяжная вясна прывяла да таго, што веснавыя пасяўныя работы неабходна правесці не толькі арганізавана і якасна, але і ў сціслыя тэрміны. У дачыненні да яравых збожжавых культур кіраўніцтвам краіны названы гранічны аптымальны тэрмін – 10 красавіка. Калі ж улічыць, што сяўба ранніх каласавых у раёне пачалася акурат з пачаткам бягучага каляндарнага месяца, то стане зразумелай цана кожнай гадзіны сёлетняй хуткацечнай пасяўной яравых збожжавых і зернебабовых.
Яшчэ адной з асаблівасцей цяперашняй пасяўной з’яўляецца павелічэнне пасяўных плошчаў амаль усіх сельскагаспадарчых культур: на змену сусветнаму фінансава-эканамічнаму крызісу набліжаецца крызіс на рынку харчавання. Таму ў выйгрышы зараз будзе той сельгасвытворца, які здолее атрымаць большую колькасць канкурэнтаздольнай сельгаспрадукцыі. Таму і павялічваюцца плошчы, адведзеныя пад пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу.
– У гэтым годзе мы пашырылі плошчы пад збожжавыя і зернебабовыя, – гаворыць дырэктар КСУП «Аравічы» Сяргей Васільевіч Дрозд. – Зроблена гэта за кошт разворвання зямель, адведзеных пад шматгадовыя травы і сенакосы. А недастаючыя кармавыя адзінкі мяркуем набраць большай колькасцю пасеваў кукурузы на зялёны корм і сілас.
Згоднае меркаванне выказаў і дырэктар ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Аляксандр Аляксандравіч Максімовіч:
– Мы таксама павялічылі пасевы збожжавых, зернебабовых, кукурузы і бульбы. Калі летась, напрыклад, пасеялі 190 гектараў ячменю, то сёлета ён зойме ў нас ужо 340 гектараў, гэтак жа і кукуруза: яе плошчы на зерне ўзрастуць са 130 да 210 гектараў, а на сілас – з 350 да 470 га.
І ў акцыянерным таварыстве на сяўбе таксама заняты майстры механізатарскай справы. На магутным МТЗ-3022 у счэпцы з АПП-6 сяўбу ячменю вядзе Міхаіл Міхайлавіч Лабада, для якога цяперашняя яравая сяўба ўжо дзевятая па ліку ў працоўнай біяграфіі. А дапамагае яму Аляксандр Уладзіміравіч Варонін – ён праводзіць у гаспадарцы ўжо 27 механізатарскі сезон.
Высокім прафесійным майстэрствам і багатым вопытам вызначаецца яшчэ адзін сейбіт – механізатар КСУП «Судкова» Іван Пятровіч Аўдзеенка.
Што датычыць працягласці сяўбы яравых збожжавых і зернебабовых культур, то ва ўсіх трох названых гаспадарках плануюць завяршыць яе ў вызначаны тэрмін.
Віктар НАЗАРАНКА.