Шчыра можна пазайздросціць траім дачкам Надзежды Дрожжа, бо ўсю гэтую прыгажосць (якую вы бачыце на здымках), яна стварае менавіта для іх – сваіх маленькіх модніц. Дзяўчынкі з задавальненнем носяць, мяняючы штодзень, эксклюзіўныя абадкі, банцікі, заколкі і павязкі. Якіх толькі ўпрыгожанняў для валасоў няма ў іх калекцыі – яны розных памераў, колераў і форм.
Надзежду ўвесь час цягнула да рукадзелля: з дзяцінства любіла маляваць, ляпіць, рабіць прыгожыя паштоўкі маме. Тры гады таму творчасць цалкам захапіла жанчыну – яна пачала ствараць арыгінальныя тапіарыі і аксэсуары, шыць фігуркі і бірулькі з фетру. Хітрасці справы спасцігала ў Інтернэце, там жа запазычала ідэі і далучала сваю фантазію. А сёлета асвоіла яшчэ і выраб лялек. Усё робіць уручную – без выкарыстання швейнай машынкі.
Матэрыялы набывае ў інтэрнэт-крамах, а таксама ў магазінах Гомеля, Мазыра і Хойнікаў.
Маладая маці зараз знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём, кожную вольную хвіліну прысвячае хобі для душы. У дзень на аксэсуары затрачвае ад адной да двух гадзін, а вось каб стварыць ляльку варта «паваражыць» ад трох да пяці дзён.
Работы Надзі з’яўляюцца і цудоўным прэзентам. Калі яе дзеці ідуць на дзень нараджэння да сябровак, то абавязкова да асноўнага падарунку прыкладаюць цудоўныя маміны тварэнні. Да таго ж, сёлета дочкі вазілі лялькі ў Германію – немцы былі ў вялікім захапленні. І зразумела – не захапіцца такой прыгажосцю проста немагчыма.
Наталля ЧЭКАН.