– У сядзібе Ваньковічаў мы нядаўна з сям’ёй былі на вяселлі брата Сяргея. Яна знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Філімонава і Парніковай нашай сталіцы. Калісьці гэты будынак належыў вядомаму беларускаму дваранскаму і шляхецкаму роду Ваньковічаў. Менавіта ў гэтай сядзібе прайшло дзяцінства мастака-рамантыка Валенція-Вільгельма Ваньковіча, пазней ён ствараў тут свае работы.
У сядзібе Ваньковічаў часта прымалі цвет беларускай інтэлігенцыі. Тут гасцявалі кампазітар Станіслаў Манюшка, мастак Ян Дамель, палітычны і грамадскі дзеяч Эдвард Вайніловіч, пісьменнік і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
З прыходам савецкай улады сядзібу Ваньковічаў, як і многія дваранскія асабнякі, спасцігла сумная доля. У розны час яе выкарыстоўвалі як кантору саўгаса, бульбаводчую станцыю, школу НКУС, парнікова-цяплічны камбінат. Акрамя гэтага, будынак паспеў паслужыць яшчэ і жылым домам, і клубам. Толькі ў 1981 годзе сядзібна-паркаваму комплексу быў прысвоены статус помніка архітэктуры XIX стагоддзя.
Пасля рэканструкцыі (яна праводзілася с 2009 па 2013 год) старадаўні асабняк прыкметна змяніўся і набыў мноства атрыбутаў сучаснасці. У былой сядзібе цяпер святкуюць вяселлі і карпаратывы – для гэтага ёсць раскошны рэстаран-клуб на 10 залаў. Для гасцей працуюць тры залы беларускай кухні, два залы паназіяцкай кухні і аж чатыры залы аўстрыйска-нямецкай. Сапраўдны гастранамічны рай!
Але ўсё ж радуе, што сядзіба Ваньковічаў не ператварылася проста ў яшчэ адну ўстанову грамадскага харчавання. Нягледзячы на ўсе новаўвядзенні, дух даўніны ў ім застаўся. У будынку былі адрэстаўрыраваны зводы цокальнага паверху. На падставе даследаванняў удалося ўзнавіць адну з гранітных лесвіц, вядучую з першага на другі паверх. Па ўцалелых малюнках зноў узведзены балконы на заходнім і ўсходнім фасадах (яны былі цалкам страчаны). На гарышчы уладкаваны мансардны паверх. Інтэр’ер і дэкаратыўнае афармленне сядзібы адноўлены па максімуму з улікам новага прымянення. Таксама была часткова адноўлена тэрыторыя парку, што прылягае да сядзібы. Ён падзяляе свет гарадской мітусні ад свету сядзібы.
Інтэр’ер сядзібы – сапраўдная раскоша, спадчына мінулага, беражліва захаваная да цяперашніх часоў. Прасторныя залы, напоўненыя святлом, вытанчаны дэкор сцен, ззяючыя люстры. Шык у кожнай дэталі…
Мы пад вялікім уражаннем. Спадабалася ўсё без выключэння. У нашых маладажонаў была выязная рэгістрацыя шлюбу – за кошт цудоўнага пейзажу здавалася, што ўсе мы знаходзімся ў казцы. Чароўнае месца!
Запісала Наталля ЧЭКАН.