Да аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі мая сям’я пражывала ў самым прыгожым куточку Хойнікшчыны – вёсцы Аравічы, дзе пад цёплым добрым небам жылі, працавалі, расцілі дзяцей, унукаў мае аднавяскоўцы.
Памятаю, як у летнія ціхія дні віднелася пясчанае дно матулі-Прыпяці. Радаваў гудок турыстычнага цеплахода, ракеты, баржы з грузам, катэраў. А колькі на берагах рэчкі адпачывала гараджан!
Якіх толькі ягад у нас не было: ажына і касцяніца, кісліца і маліна, суніцы лясныя і лугавыя. А колькі грыбоў збіралі ў лесе, колькі рыбы вылаўлена!
Толькі пасля аварыі не хадзіць нам больш па слядах продкаў нашых. І зоркі, здаецца, пустыя свецяць над маёй вёсачкай.
Горка ўспамінаю тыя дні: 1 мая 1986 года вывозілі нашых дзяцей, цяжарных жанчын, адзінокіх і хворых людзей. 3 мая здалі жыўнасць з падсобных гаспадарак у саўгас. А 4 мая эвакуіравалі ўсіх жыхароў Аравіцкага сельскага Савета.
Не верыцца, што прайшло 25 гадоў пасля аварыі на ЧАЭС. І як горка ўсведамляць, колькі маіх землякоў памёрла ад суму і хвароб, пераехаўшы на новае месца жыхарства.
Штогод з нецярпеннем чакаем Радаўніцу, каб сустрэцца ў роднай старонцы. Ушануем продкаў, пастаім на беразе і пабачым, як нясе наша мнагаводная Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну.
В. ПРЫШЧЭП, г. Хойнікі.