Ва ўсе часы будаўнікі стваралі і працягваюць ствараць вельмі каштоўны тавар – нерухомасць. М?аюць самае непасрэднае дачыненне да стварэння гэтай каштоўнасці і тынкоўшчыкі.
У наш час ёсць розныя спосабы абліцаваць цагляныя ці бетонныя сцены ўнутры памяшкання: папулярным гіпсакардонам, пліткай, панэлямі. Але ўсё ж часцей перавагу аддаюць старому спосабу – тынкоўцы. Плюсам такога рашэння можна лічыць эканомію месца, таму што сам пласт таўшчынёй не больш за 3-4 см.
Цікава, што прафесія тынкоўшчыка – адна з самых старых. Яна вядзе вытокі са Старажытнага Егіпта, успаміны пра людзей гэтага роду дзейнасці датуюцца 5000-м годам да н. э.
Хайнічанка Валянціна Міхайлаўна Анісенка (на здымку) прысвяціла гэтай справе 28 гадоў і ніколькі не шкадуе. Адразу пасля заканчэння Хойніцкага прафтэхвучылішча працавала ў ПМК-116, затым у Хойніцкай перасоўнай механізаванай калоне, адкуль перайшла ў ААТ «Хойнікірамбуд». З 2014 года арганізацыя стала часткай завода ЖБВ.
На заводзе жалезабетонных вырабаў, дзе і сёння працуе В.М. Анісенка, стараннага спецыяліста цэняць і паважаюць. Дзякуючы высокаму майстэрству і напрацаванаму вопыту летась імя Валянціны Міхайлаўны заняла дастойнае месца на раённай Дошцы гонару. Толькі са станоўчага боку адзываюцца пра спецыяліста і калегі, цяперашнія і былыя. Гэта і зразумела: сціплая, спакойная і ветлівая жанчына якасна і хутка выконвае работу. Вядома, такія выдатныя прафесійныя ўменні яна назапашвала не адно дзесяцігоддзе.
Валянціна Міхайлаўна выхоўвае сына Аляксандра, які сёлета перайшоў у адзінаццаты клас. Хлопец добра ведае, якую няпростую, але такую карысную справу робіць яго маці. Хаця сам юнак з будаўніцтвам звязваць сваю будучыню не плануе. І правільна, мяркуе В.М. Анісенка, таму што да кожнай прафесіі варта мець схільнасць і жаданне. Калісьці менавіта гэтыя фактары сфарміравалі яе выбар.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота Алены СМУСЯНОК.