Дамінуючай рубрыкай публікацый «Ленінскага сцяга» ў 1986 годзе была пад назвай «Бяда суседа – не чужая». Змяшчаліся матэрыялы чарнобыльскай тэматыкі, падрыхтаваныя ўласнымі карэспандэнтамі «ЛС», ТАСС і БЕЛТА, перадрукаваныя з абласной і рэспубліканскіх газет.
Агульнымі намаганнямі
Летні лагер для ўтрымання буйной рагатай жывёлы знаходзіцца за вёскай Навасёлкі. Гэта тэрыторыя Дварышчанскага сельсавета. Але цяпер размешчаны тут статак саўгаса «Аравічы». Лагер працаўнікі саўгаса «Судкова» зрабілі за адны суткі са сваіх матэрыялаў. Калі да іх дайшла вестка, што аравічан напаткала бяда і яны апынуліся ў зоне павышанай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі і трэба тэрмінова ім эвакуіравацца, судкоўцы, не задумваючыся, дружна прыйшлі на дапамогу. Устанавілі ў полі перасовачную дызельную станцыю, універсальныя даільныя сістэмы, выдзелілі кармы для жывёлы.
Бяда яшчэ больш з’яднала людзей. Працуюць усе самааддана. Сваю работу жывёлаводы наладзілі ў дзве змены. Ніхто не лічыцца з часам, сіламі. Сапраўднымі патрыётамі ў складаных умовах аказаліся даяркі камуніст Надзежда Лягун, Вера Ядчанка, Галіна Цішчанка і іншыя.
Няма ніякіх скаргаў і ад эвакуіраванага насельніцтва. Людзі расселены ў Дворышчах, Судкове, Навасёлках, Тульгавічах. У Судкове, напрыклад, пад жыллё адвялі інтэрнат, у прыватных дамах жыхары ўступілі лепшыя месцы. Нездарма ж у народзе кажуць, што раздзеленая бяда – паўбяды.
Для эвакуіраваных арганізавана бясплатнае харчаванне. Дарэчы, абед для жывёлаводаў прывозяць прама ў летні лагер. Тут жа абсталяваны душавыя кабіны. Акружылі ўвагай людзей работнікі гандлю, службы быту. Незанятыя ў жывёлагадоўлі рабочыя саўгаса «Аравічы» дапамагаюць гаспадарам весці палявыя работы, у прыватнасці, садзіць агароднія культуры.
Надта людна ў памяшканнях Дварышчанскага сельскага Савета народных дэпутатаў. Тут цяпер размешчаны тры мясцовыя органы ўлады – Дварышчанскі, Радзінскі і Аравіцкі сельскія Саветы. На аб’яднанай сесіі яны ўдакладнілі і скарэкціравалі праграму сваіх дзеянняў і прымаюць канкрэтныя меры па нармалізацыі абстаноўкі.
Перад ад’ездам з Дворышч нам паведамілі: сёння да работы прыступаюць і аравіцкія паштальёны. Жыццё, як бачна, уваходзіць у сваю звычную каляіну.
М.КРУПЕЙЧАНКА.
Галоўнае – здароўе людзей
Якія бы не складваліся абставіны, адным з галоўных у нашай краіне застаецца клопат аб здароўі чалавека. І гэта асабліва доказна праяўляецца ў дні ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС. Увачавідкі ўпэўніліся ў гэтым, пабываўшы на некалькіх «гарачых» кропках медыцынскага абслугоўвання ў нашым раёне.
Раённая паліклініка. Увагу прыцягвае незвычайная шыльдачка на адным з кабінетаў, паводле якой жадаючыя могуць прайсці дазіметрычныя вымярэнні. Заняўшы чаргу, у якой, дарэчы, доўга не затрымаліся, трапляем да Р.М. Бельскай і Т.С. Зялёнкі.
– У вас усё ў парадку, – супакойваюць яны.
Уважліва, не спяшаючыся, праводзяцца дазіметрычныя вымярэнні. Медыкі ведаюць: у такой адказнай рабоце дробязей быць не можа. Жанчыны стараюцца кожнага падбадзёрыць, кожнаму сказаць добрае спачувальнае слова.
Дагэтуль Раіса Міхайлаўна і Тамара Саламонаўна дазіметрычныя аналізы рабілі ў сельскай мясцовасці, а таксама на прадпрыемствах раёна. Хапае работы і зараз – да ста і больш чалавек штодзённа абследуюць.
Як паказваюць аналізы, прычын для хваляванняў няма, – гаворыць Раіса Міхайлаўна. – Але ж людзі ёсць людзі. Сумняваюцца, ідуць зноў. Праўда, гэта ў склаўшайся сітуацыі толькі на карысць.
З васьмі раніцы і да васьмі вечара можна зрабіць лабараторныя аналізы. Па ўстаноўленым парадку першы і другі кабінеты абавязаны прайсці кожны, каму патрэбна паліклінічная дапамога.
– Абследаваны ўсе жыхары раёна, вывезеныя з 30-кіламетровай зоны, – расказвае намеснік галоўнага ўрача па паліклінічнай рабоце В.В. Панамароў. – Не выяўлена нават і нязначных прыкмет прамянёвай хваробы. Праверкі, дыягностыка працягваюцца.
Створана пяць раз’язных брыгад з ліку ўрачоў райбальніцы, якія па ўстаноўленым графіку працуюць у Паселічах, Вялікім Боры, Судкове і іншых вёсках, дзе часова размясціліся эвакуіраваныя.
Цэлы дзень ажыўлена на санітарна-прапускным пункце ля лазні торфабрыкетнага завода «Хойніцкі», дзе значную дапамогу аказваюць члены санітарных дружын. Дзяўчаты робяць дэзактывацыю адзення, усё, што ўваходзіць у функцыі малодшага медыцынскага персаналу.
Усяго ў раёне дзейнічае 6 санітарных дружын – пры торфабрыкетным заводзе «Хойніцкі», фабрыцы мастацкіх вырабаў, кансервавым заводзе, раённым камбінаце бытавога абслугоўвання.
З клопатамі, якія ўскладзены ў гэтыя дні, медыкі спраўляюцца спаўна.
П. ЯКІМЕНКА.
Бацькоўская ўвага
Сёлета лагер на тэрыторыі саўгаса «Суражскі» Віцебскага раёна прыняў на адпачынак дзяцей-школьнікаў з трэцяй хойніцкай школы Гомельскай вобласці. Сюды іх эвакуіравалі па вядомай прычыне – у сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Лагер – гэта некалькі дабротных домікаў, размешчаных на ўскрайку вёскі Задуброўе.
Жыллёвыя ўмовы створаны добрыя. Чатыры дні на тыдні дзеці маюць магчымасць памыцца ў лазні. Харчаванне гарачымі стравамі арганізавана ў саўгаснай сталовай. Работнікі яе стараюцца парадаваць юных кліентаў апетытнымі абедамі. Да дробязей прадуманы культурны адпачынак дзяцей. Пры лагеры, у адным з домікаў, ёсць клуб. Аматары спорту могуць гуляць у тэніс, валейбол, бадмінтон.
Ёсць у лагера чулы, уважлівы, клапатлівы шэф – дывановае аб’яднанне імя 50-годдзя БССР. Дываноўшчыкі для сваіх падшэфных арганізавалі і абсталявалі дыскатэку.
Выдатна наладжана медыцынскае абслугоўванне, сюды рэгулярна прыязджаюць медыкі з Віцебска. У лагеры ёсць і свая медсястра, якая жыве разам з дзецьмі.
Лагернае жыццё спалучае разнастайны культурны адпачынак з пасільнай працай на саўгасных палетках. Працуюць дзеці па 4 гадзіны на пасадцы капусты, праполцы плантацый агуркоў. Дырэкцыя гаспадаркі мае намер закупіць і выдаць дзецям бясплатна адзіную спартыўную форму.
Паўнакроўнае, змястоўнае жыццё пульсуе ў гэтым лагеры. Пульсуе па законах камуністычнай маралі.
М. ГРЫНЕЎСКАЯ.
Удасканаленне вучобы – важная задача
Нам жа, жыхарам Хойніцкага раёна, як нікому іншаму блізкія і зразумелыя клопаты партыі аб лёсах сваіх людзей. Чарнобыль сёння на вуснах мільёнаў людзей, бо аварыя болем адгукнулася ў кожным сэрцы. Складаная абстаноўка, якая ўтварылася ў нашым раёне, патрабавала арганізаванасці і дысцыплінаванасці ад усіх і асабліва ад партыйных актывістаў. Сёння можна сказаць, што першы экзамен вытрыманы паспяхова. Аператыўна быў створаны штаб па кіраўніцтву ўсімі работамі на чале са старшынёй выканкома раённага Савета дэпутатаў А.І. Обухавым. У райкоме партыі зацверджаны спецыяльныя групы для работы ў зоне асаблівай рызыкі. Выдатна праявілі сябе ў складанай сітуацыі і прапагандысцкія кадры раёна.
Праходзяць дні, жыццё ў раёне паступова наладжваецца.
Т. ШПАКОЎСКАЯ, загадчыца аддзела прапаганды і агітацыі райкома КПБ.
Ганаровая вахта светлагорцаў
Мы наведалі гаспадарку ў разгар рабочага дня. На цэнтральнай сядзібе калгаса сустрэлі камісара зводнага атрада механізатараў са Светлагорскага раёна В.У. Русакова. Прадстаўнік гарадскога камітэта партыі расказваў аб тым, як самааддана працуюць у незвычайных умовах пасланцы Светлагоршчыны:
– Раздзяляючы бяду суседа як сваю, кожны з 35 светлагорцаў нясе працоўную вахту з гонарам. Экіпаж з саўгаса «Баравікі» ў саставе Мікалая Жыгалкі і Уладзіміра Коваля за лічаныя дні накапаў 150 тон бульбы. Літаральна па пятах у яго ідуць механізатары з саўгаса «Светлагорскі» Уладзімір Халуп і Іван Рыбак. На адвозцы таксама ўсе стараюцца.
Выкарыстаўшы момант перадышкі, цікавімся справамі механізатараў.
– Няхай не хвалююцца мясцовыя хлебаробы, вырашчанае іх рукамі ўбяром, – заяўляе машыніст камбайна Віталій Грышанкоў з саўгаса «Горкі».
Атрад – гэта свайго роду вытворчае падраздзяленне з добра адладжаным механізмам. Кожны мае канкрэтны ўчастак работы, ведае свае абавязкі, добрасумленна іх выконвае.
У гонар многіх механізатараў нядаўна гучалі музычныя віншаванні самадзейных артыстаў Парыцкага Дома культуры Светлагорскага раёна, якія прыязджалі падняць дух працаўнікоў задорнай песняй і танцам.
А. КАРОТКІ.