25 красавіка ў час візіту ў Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка асабліва падкрэсліваў важнасць вырошчвання кукурузы – каштоўнай сельскагаспадарчай культуры, якая не толькі выкарыстоўваецца як багаты пратэінамі і бялкамі зялёны корм, але і ўзбагачае збожжавы збор гаспадарак. Для сельгаспрадпрыемстваў нашага рэгіёна кукуруза прыцягальная яшчэ і тым, што не валодае здольнасцю накапліваць радыёнукліды, а значыць, каштоўнасць яе ўзрастае ўдвая. Вось чаму і пасяўныя плошчы пад кукурузу пастаянна павялічваюцца.
У эксбазе «Стралічава» кукурузны палетак займае 810 гектараў. На адведзеных пад кукурузу на зерне 200 гектарах сяўбу завяршылі яшчэ ў пачатку тыдня, а зараз у разгары работы па сяўбе кукурузы на зялёны корм.
Па стану на 29 красавіка з 610 гектараў сяўба завершана на 280 га. На энерганасычаным трактары МТЗ 1221 і пасяўным агрэгаце ТСМ-8000 пасяўнымі работамі займаецца вопытны механізатар Віктар Іванавіч Бандарэнк, а падвоз насення пазменна ажыццяўляюць Міхаіл Міхайлавіч Іванюценка і Сяргей Міхайлавіч Каваленка.
Зараз вырашаецца пытанне аб тым, што кукуруза зойме яшчэ 500 дадатковых гектараў, на якіх сёлета дрэнна перазімаваў азімы рапс.
Віктар НАЗАРАНКА.