Адукаваныя, аптымістычныя

Тэрыторыя моладзі

Аксана Кажаноўская, урач-стаматолаг-хірург ЦРБ

Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта з 1 жніўня да абавязкаў урача-стаматолага-хірурга ў раённай паліклініцы прыступіла Аксана Кажаноўская. У бальніцы дзяўчыну калектыў сустрэў добразычліва, таму працуецца ёй тут яшчэ больш радасна. Аксана не мясцовая, а прыехала да нас з Петрыкава, але за гэты кароткі час паспела палюбіць Хойнікі, падкрэсліла, што навокал прыгожыя і шчырыя людзі. Малады ўрач працуе з панядзелка па пятніцу, у сярэднім да яе звяртаецца каля 24 пацыентаў. Аксана поўнасцю задаволена размеркаваннем, ды і жыллё выдзелілі адразу.
Таццяна Жаўняк, фельчар-валеолаг райЦГЭ
Па размеркаванню пасля заканчэння Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа фельчарам-валеолагам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі прыйшла працаваць хайнічанка Таццяна Жаўняк. Дзяўчына падзялілася, што калегі ва ўсім дапамагаюць, падтрымліваюць. Галоўная яе задача – фарміраваць у насельніцтва навыкі здаровага ладу жыцця. Таццяна выязжае ў школы раёна, арганізацыі, праводзіць прафілактычныя размовы, мерапрыемствы аздараўленчай напраўленасці. Прафесія дзяўчыне да спадобы, у наступным годзе Таццяна плануе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову на завочнае аддзяленне.

Вікторыя Прыходзька, учотчык па механізаванаму атраду
У сельгаспрадпрыемства «Судкова» прыбыў новы малады спецыяліст. Закончыўшы Гомельскі аграрна-эканамічны каледж, прайшоўшы вытворчую і пераддыпломную практыку ў Судкове, дзяўчына вярнулася ў свае родныя мясціны. Сама жыве ў Небытаве. Дабіраецца ў кантору на веласіпедзе – і карысней для здароўя, і зручней. «Я разлічваю пуцёўкі механізатарам, менавіта ад мяне залежыць іх заработная плата. Мабыць, я патрэбны тут чалавек», – усміхаючыся, адзначыла Вікторыя. Малады спецыяліст на шляху атрымання вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «эканаміст», яна вучыцца ў Гомельскім дзяржуніверсітэце ім. Ф. Скарыны.

Наталля Наляговіч, настаўнік англійскай мовы СШ № 3
Наталля закончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны. Па накіраванню працуе настаўнікам англійскай мовы ў трэцяй гарадской школе. З самага дзяцінства ездзіць у Англію. З прафесіяй вызначылася хутка, вырашыла пайсці ў сферу адукацыі. Толькі 15 жніўня Наталля прыступіла да работы, паступова адаптуецца. Па ўласнаму меркаванню, яна будзе добрым настаўнікам, бо дзяцей любіць і да любой справы ставіцца заўсёды адказна. Наталля родам з Глінішча, зараз займаецца зборам дакументаў на атрыманне сацыяльнага жылля. У вольны час дзяўчына чытае кнігі, катаецца на роліках.

Апытвала Вікторыя Мароз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *