Пра свайго бацьку Міхаіла Нікіфаравіча Рудзянка ў пісьме ў рэдакцыю расказалі яго дзеці. Паважаны юбіляр рыхтуецца адзначыць 5 мая юбілей – 80-годдзе з дня нараджэння.
Акрамя «дзяржслужбы», як сам называе месца працы ў эксбазе «Стралічава», трымае сам дамашнюю гаспадарку: свіней; пару дзесяткаў курэй; апрацоўвае прысядзібны ўчастак, дзе вырошчвае бульбу, гародніну, збожжа, вінаград.
У свае 80 гадоў Міхаіл Нікіфаравіч упраўляць канём, хадзіць за плугам пры ворыве зямлі яшчэ нікому не давярае. Усё сам робіць. «Трымаў бы карову, карміліцу на вёсцы», – гаворыць ён, – ды без гаспадыні цяжка аднаму. 18 гадоў назад пайшла з жыцця мая жонка Соф’я Данілаўна…».
Не аднойчы дзеці спрабавалі ўгаварыць бацьку пераехаць да іх, у Гомель, але Міхаіл Нікіфаравіч ні ў якую не згаджаецца. Цвёрда вырашыў не пакідаць малую радзіму, дзе разам з трыма адзінокімі пенсіянерамі і адной сям’ёй цяпер з’яўляецца жыхаром знікаючай вёскі Губарэвічы.
На свята хрысціянскае – Радаўніцу – разам сустракаюць тут былых суседзяў, якія прыязджаюць з усіх канцоў Беларусі і з-за яе мяжы на магілы родных і блізкіх. Сустракаюць як захавальнікі ўсяго, што засталося і нагадвае аб мінулым, некалі яркім, напоўненым усімі фарбамі жыцця сельскім куточку. Сустракаюць і з радасцю, і са смуткам, бо ўспамінаюць разам два перыяды жыцця – дачарнобыльскі і пасля трагедыі. Дзеляцца навінамі, падзеямі, а Міхаіл Нікіфаравіч расказвае пра сённяшні дзень свайго працоўнага калектыву. Аб тым, што ідзе пасяўная кампанія і на ўласным падворку, і ў эксбазе «Стралічава». І адзначае: «Пакуль жывём, будзем сеяць і араць, а інакш нельга».
Моцнага вам здароўя, паважаны Міхаіл Нікіфаравіч Рудзянок. І урадлівай зямлі!
Ірына ЛУКАШЭНКА,