Адважны кулямётчык Віктар Літвінка

Да Дня Вялікай Перамогі

1Жыццё Віктара Мікалаевіча Літвінкі лёгкім не назавеш. Нарадзіўся ён ў 1920 годзе ў вёсцы Малішаў у сялянскай сям’і. Да вайны паспеў закончыць чыгуначны тэхнікум і працаваў вагаўшчыком на чыгуначнай станцыі «Хойнікі», дзе яго і заспела жахлівая вестка – пачалася вайна, час паклікаў узяцца за зброю. Малішаўскіх хлопцаў у Чырвоную Арміі праводзілі ўсёй вёскай.

– Не плачце, родныя, – стараліся падбадзёрыць жанчын навабранцы. – Пагонім немцаў назад, і вернемся.
Віктар думаў, што дадуць зброю і адразу ж адправяць на фронт. На справе атрымалася інакш: трапіў ў палкавую школу ў горадзе Арол. Вучылі галоўным чынам карыстацца зброяй, ды некалькі разоў былі практычныя стрэльбы. Юнак трапіў у асобны батальён (роту кулямётчыкаў) у званні радавога. Ваяваў разам са сваімі землякамі і разам з імі не пазбегнуў фашысцкага палону. Калі палонных везлі на машынах у Германію, усім тром малішаўцам (Літвінку, Зубку і Катку) удалося збегчы. Потым была доўгая дарога дамоў. Вёска Малішаў тады знаходзілася на акупіраванай тэрыторыі, барацьбу з ворагам вялі народныя мсціўцы. Партызанам быў стрыечны брат Пётр, які  загінуў ад варожай кулі. А да гэтага прабіраўся ён да хаты Літвінкаў, і тыя не раз і не два дапамагалі партызанам прадуктамі.

Калі наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Віктар Літвінка зноў быў прызваны ў Чырвоную Армію,  праходзіў навучанне ў палкавой школы  ў Вільнюсе. На фронт быў адпраўлены ў званні сяржанта.

Гэты бой Віктар Мікалаевіч памятае да драбніц, і калі расказвае аб ім, на яго вачах наварочваюцца слёзы:
– На пярэдні край мы прыбылі ноччу. Цёмна, хоць вока выкалі. Камандзір роты загадаў выйсці на пэўныя рубяжы і заняць пазіцыю. Так і зрабілі. Але калі пачало світаць, выявілася, што побач сваіх няма, наўкола немцы. Вырваліся, значыць, наперад, прайшлі баявыя парадкі немцаў і апынуліся ў іх логаве. Адыходзіць назад позна. Ды і не прабіцца. Затаіўся спачатку ўзвод. А калі развіднела добра і фашысты вось-вось маглі выкрыць «няпрошаных гасцей», ударылі са ўсёй зброі. А потым і падмога падаспела,  немцы адступілі. Але зачапіла ўсё ж мяне варожая куля.

Пасля лячэння ў шпіталі салдат быў накіраваны ў горад Укмерге, што каля Вільнюса, дзе займаўся абучэннем навабранцаў перад адпраўкай на фронт.
У родны Малішаў Віктар Мікалаевіч вярнуўся ў 1945 годзе. Яшчэ моцна балелі раны, можна было крыху адпачыць, набрацца сіл. Але ён сумаваў па працы. Патрэбна было вяртаць да жыцця калгасныя палі. Прызначылі яго брыгадзірам паляводчай брыгады, у якой былі адны старыя ды жанчыны. Цягла не было, калі не лічыць некалькіх нямоглых канёў. Але трэба было араць, сеяць.

Ды не пакідала мара аб атрыманні спецыяльнай адукацыі – вывучыўся на бухгалтара. Некаторы час працаваў у нарыхтоўчай канторы, потым да выхаду на пенсію – у родным калгасе імя Калініна.

З жонкай Мальвінай Станіславаўнай, з якой злучыў свой лёс тут жа ў Малішаве ў 1942 годзе, выхавалі чатырох дачок і сына. На вялікі жаль, верная спадарожніца жыцця дзесяць гадоў таму назад памёрла. Дочкі Святлана, Людміла, Зоя, Вольга са сваімі сем’ямі жывуць у Гомелі, Светлагорску і Брэсце. З бацькам пражывае сын Анатолій, які працуе майстрам вытворчага навучання ў ДПТВ-183.
Вогненныя дарогі В.М. Літвінкі адзначаны многімі ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны І ступені, медаль «За адвагу». А як працаваў франтавік ў мірны час, сведчаць шматлікія граматы, якімі ён ганарыцца.

Клаўдзія БОСАК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *