З пачуццём вялікай любві да сваёй Радзімы, гонару за цудоўную краіну, свабодных людзей сустрэлі хайнічане 1 Мая – свята міру, працы, вясны, імклівага абнаўлення прыроды.
Афіцыйнае адкрыццё свята адбылося на гарадскім стадыёне, дзе выстраіліся ў адзінай калоне прадстаўнікі працоўных калектываў горада – удзельнікі спартыўных спаборніцтваў.
Вядучая Л.У. Краўчанка прадастаўляе слова намесніку старшыні райвыканкама, старшыні каардынацыйнага Савета камітэтаў прафсаюзаў, старшыні райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў Ж.М. Чарняўскай, якая шчыра і сардэчна павіншавала ўсіх прысутных са святам Вясны і Працы:
– Мяняюцца эпохі, пакаленні, а гэтае свята кожны год прыходзіць у нашы дамы, прыносячы з сабой новыя сілы і новае натхненне на рэалізацыю самых смелых планаў і ідэй. Першамай аб’ядноўвае мільёны людзей, хто адказна і добрасумленна працуе на сваіх рабочых месцах, каму застаюцца блізкімі і актуальнымі такія паняцці як Мір і Праца.
Сёння мы гаворым шчырыя словы ўдзячнасці старэйшаму пакаленню, якое многа зрабіла для развіцця і дабрабыту нашага раёна. Багаты вопыт ветэранаў, глыбокае разуменне асабістай адказнасці за лёс роднага краю – гэта велізарны маральны стымул для моладзі, цудоўны прыклад дастойнага жыцця.
Галоўнае багацце роднага краю, яго душа – працавітыя, таленавітыя людзі, намаганнямі якіх прымнажаецца эканамічны і духоўны патэнцыял рэгіёна, растуць яго прэстыж і аўтарытэт.
Жанна Мікалаеўна пажадала ўсім моцнага здароўя, новых поспехаў, творчых дасягненняў, невычарпальнай жыццёвай энергіі і дабрабыту і зачытала тэкст віншавальных паштовак, у якіх жыхароў раёна з Першамаем і 66-й гадавінай Вялікай Перамогі павіншаваў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Л.В. Барабанаў, а таксама шчырыя віншаванні хайнічанам даслала Гомельскае абласное аб’яднанне ГА «Беларускі фонд Міру».
Радасці і шчасця, новага зараду бадзёрасці і аптымізму пажадала ўдзельнікам першамайскага свята старшыня прафсаюзнага камітэта ПДРЭЗ Т.Г. Астудзіна. Затым галоўны суддзя спаборніцтваў, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама М.В. Раманенка запрасіў да ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах, а самадзейныя артысты аддзела культуры райвыканкама – паглядзець канцэртную праграму «Слаўнае свята – Дзень Працы», якая праходзіла ў летнім афмітэатры гарадскога парка.
У гэты дзень запрацаваў ў парку фантан, добры настрой стварылі і работнікі гандлю. Усе жадаючыя маглі азнаёміцца з экспазіцыямі раённага музея.
Спартыўная праграма першамайскага свята ўключала ў сябе спаборніцтвы па многіх відах спорту, як традыцыйна развітых у нашым раёне, так і тых, што яшчэ толькі набіраюць папулярнасць і сваіх новых прыхільнікаў. Да апошніх можна аднесці такія віды спорту, як рынкбол – хакей на ролікавых каньках. Хаця ў першы майскі дзень матчавай сустрэчы па яму і не адбылося, але 9 юнакоў прынялі ўдзел у спаборніцтвах, якія складаліся з некалькіх дысцыплін катання на роліках. Так, у слаламе перамог вучань СШ № 3 Захар Барадулін, у іншым варыянце гэтага ж практыкавання, але толькі рухаючыся спіной наперад, перамога дасталася Дзмітрыю Залужнаму з СШ № 1. У фігурным слаламе не было роўных гімназісту Станіславу Турчанку, а ў спрынце на 100 метраў самым хуткім стаў Мікалай Назаранка з СШ № 1. Тытул самага трапнага заваяваў Васілій Сінгаеў: у кіданні клюшкай хакейнай шайбы з дзвюх спроб ён паразіў тры мішэні-талерачкі. Характэрна, што амаль усе пераможцы ў гэтых спаборніцтвах у мінулым месяцы дастойна прадстаўлялі Гомельшчыну ў Пружанах, дзе праходзілі гульні фінала рэспубліканскага турніру юных хакеістаў на прызы клуба «Залатая шайба».
Многа жадаючых знайшлося і ў спаборніцтвах па дартсу. Сярод снайпераў-мужчын вызначыліся (у парадку занятых месцаў) Эдуард Сялецкі, Андрэй Лобан і Валерый Яскевіч. Жаночая прызвая тройка па заканчэнні спаборніцтваў набыла такі выгляд: Анастасія Бандарэнка, Таццяна Назарава і Таццяна Гусак. Сярод юнакоў перамаглі Вадзім Камеш і Захар Барадулін, а прыз сярод дзяўчат дастаўся Анастасіі Шкурко.
Самыя дужыя мераліся сілай у армрэстлінгу – адзінаборстве на руках, у якім мацнейшым стаў Дзяніс Шкурко, другое месца заваяваў Сяргей Шыдлоўскі, а трэцяе – Аляксей Іовін.
Сярод спартыўных інтэлектуалаў кіпела барацьба на чорна-белых дошках, дзе асабліва вызначыліся Васілій Анісенка і Аляксандр Клімовіч. Выкладчык Казялужскай СШ В.М. Анісенка перамог у турніры шахматыстаў і стаў трэцім у спаборніцтвах па шашках, а А.М. Клімовіч з ДПТВ-183 паказаў дакладна такі ж вынік, з той розніцай, што ён перамог у шашачных баталіях і стаў трэцім у шахматным турніры. Другое месца ў спаборніцтвах па шашках заняў Дзяніс Яновіч, такі ж вынік у спаборніцтвах шахматыстаў паказаў Аркадзій Місуна.
Спартыўную праграму свята вянчаў футбольны матч паміж зборнымі камандамі горада і раёна. Сельскія футбалісты ў самым пачатку гэтай сустрэчы завязалі інтрыгу і першымі адкрылі галявы рахунак – майстэрствам бліснуў Аляксандр Коваль, які па заканчэнні матча быў прызнаны лепшым паўабаронцам паядынка. Праўда, гэта быў апошні поспех вясковай каманды, бо ў далейшым гараджане адказалі ажно 15 выніковымі галявымі атакамі. Пры гэтым 4 разы вызначыўся, прызнаны лепшым нападаючым сустрэчы, Дзяніс Раманоўскі, а яшчэ па 3 трапныя стрэлы па варотах сапернікаў нанеслі Аляксандр Садчанка і Аляксандр Кліменка. Званне лепшага абаронцы гульні і адпаведны прыз атрымаў Дзмітрый Протчанка, а тытул лепшага галкіпера дастаўся Сяргею Чэчуну.
Адзначым, што ўсе прызы для пераможцаў і прызёраў спартыўных першамайскіх спаборніцтваў былі набыты за кошт спонсарскай дапамогі райкамаў прафсаюзаў работнікаў адукацыі, культуры, спажывецкай кааперацыі і аховы здароўя.
Клаўдзія БОСАК, Віктар НАЗАРАНКА.