Выслухаць, зразумець, дапамагчы

Рэха падзеі

Слова «дэпутат» мужчынскага роду. Аднак пасада гэтая пасільная і прадстаўніцам слабага полу, аб чым сведчыць факт, што з 10 дэпутатаў Велікаборскага сельскага Савета дэпутатаў 26 склікання – 6 жанчын. Сярод іх і загадчыца мясцовай аптэкі № 70 Т.А. Харошка, якую выбаршчыкі вёскі Куравое і часткі вуліцы Цэнтральная Вялікага Бору 26 красавіка 2010 года  выбралі сваім прадстаўніком у мясцовым органе ўлады.



І трэба сказаць, не памыліліся, аддаўшы свае галасы. Тамара Аляксандраўна паспяхова спраўляецца з ускладзенымі на яе грамадскімі абавязкамі. Першае, што зрабіла, дык гэта разам з сакратаром сельвыканкама Вольгай Аляксандраўнай Плытнік выехала ў Куравое, каб пазнаёміцца бліжэй са сваімі выбаршчыкамі, даведацца аб іх праблемах. А многіх выбаршчыкаў Вялікага Бору яна ведае добра, бо амаль усе яны прыходзяць у аптэку, каб набыць лякарствы, а то і проста пагутарыць.
– Вельмі ўжо ўважлівая наша аптэкарша, – зазначалі пенсіянеркі С.А. Сачанка і Г.П. Каляда. – Клапоціцца аб тым, каб былі завезены медпрэпараты для кожнай катэгорыі насельніцтва. А ў перыяд перадэпідэмічнай сітуацыі з грыпам угаварыла нас зрабіць супрацьвірусную прышчэпку, і хвароба нас мінавала. Калі вырашалася пытанне з газіфікацыяй нашага населенага пункта, зайшла ў кожны дом, растлумачыла, як і што будзе рабіцца ў гэтым напрамку.



Шырокае кола дзейнасці дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў. Вырашэнне гаспадарчых, сацыяльна-бытавых і іншых пытанняў, развіццё ініцыятывы і адстойванне інтарэсаў людзей, што аддалі за яе голас, – вось далёка не поўны пералік асноўных клопатаў Тамары Аляксандраўны. Выбарчая акруга яе налічвае 91 чалавека. У кожнага ёсць свае праблемы, тым больш, што тут у асноўным людзі пажылога ўзросту. Вось яны і ідуць да яе са сваімі балячкамі. І кожнага яна выслухае, звяртаецца да пасадавых асоб, якія дапамогуць у вырашэнні той або іншай просьбы выбаршчыка.



– Дэпутацкія абавязкі імкнуся выконваць старанна, – зазначае Т.А. Харошка. – Удзельнічаю ў падрыхтоўцы пытанняў для разгляду на сесіях выканкама, у праверках выканання вынесеных на іх рашэнняў, а таксама ў ажыццяўленні наказаў выбаршчыкаў. Радуюся ўсялякі раз, калі рашэнне або тое ці іншае мерапрыемства, да якога, як гаворыцца, і ты прыклала руку, ператвараецца ў жыццё, паляпшае быт і ўмовы працы маіх выбаршчыкаў.



Тамара Аляксандраўна Харошка – чалавек мэтанакіраваны. Вырашыўшы з дзяцінства стаць дыпламаваным медыкам, выпускніца Партызанскай сярэдняй школы мару сваю ажыццявіла, закончыла Магілёўскае медвучылішча ў 1993 годзе. Некаторы час працавала ў Хойніцкай цэнтральнай раённай аптэцы, а потым, калі такая ўстанова адкрылася ў Вялікім Боры, пераехала сюды. Тым больш, што прыемная нагода надарылася – выйшла замуж. З мужам Уладзімірам Аляксандравічам, які працуе вадзіцелем пажарна-аварыйнага паста ў гэтай вёсцы, жывуць дружнай сям’ёй, выхоўваюць трох дзяцей. Старэйшы сын Уладзіслаў вучыцца ў дзевятым класе, дачка Ларыса – чацвёртакласніца, малодшаму Аляксандру тры гадкі споўнілася.



Тамара Аляксандраўна – клапатлівая маці і ўвішная гаспадыня. Уласным прыкладам агітуе яна вяскоўцаў на вядзенне падсобнай гаспадаркі. Падворак сям’і Харошка  вялікі, трымаюць яны карову, лішкамі малака дзеляцца з дзяржавай, свіней, дамашніх птушак.
– Вельмі прыемна, што знаходжу водгук сярод насельніцтва ў гэтай важнай справе, – гаворыць Тамара Аляксандраўна. – У Вялікім Боры налічваецца 597 падсобных гаспадарак грамадзян. Толькі аднаго пагалоўя птушкі  – курэй, гусей, індакачак – 3435 налічваецца. З задавальненнем вырошчваюць мае землякі індакачак, на маім падворку, напрыклад, іх 25 вагу набіраюць. Птушка ў корме непераборлівая, а з мяса яе многа розных смачных страў можна прыгатаваць.
Партрэт дэпутата яшчэ адным штрыхом дапоўніла сакратар сельвыканкама В.А. Плытнік, адзначыўшы, што Тамара Аляксандраўна – вельмі актыўны і ініцыятыўны чалавек.
А якое ж крэда Т.А. Харошка?



– Проста трэба жыць па сумленню, – коратка адказала яна на гэтае пытанне.


 


Клаўдзія Босак.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *