Атрымала прэмію ад «раёнкі»

Людзі і лёсы Экономика

Па-рознаму прыходзяць людзі да свайго сапраўднага прызначэння ў жыцці. Адным гэта ўдаецца на самым пачатку самастойнага жыцця, другім дапамагае знайсці сваё месца на зямлі звычайная выпадковасць, якая потым становіцца лёсавызначальнай, трэція праходзяць доўгі і цярністы шлях выпрабаванняў.

Галіна Аляксандраўна Грамкова нарадзілася ў вёсцы Звяняцкае. У 1978 годзе закончыла Веляцінскую школу, а пасля яе паступіла ў адно з ПТВ г. Жлобіна, дзе атрымала прафесію швачкі і працавала на мясцовай швейнай фабрыцы. Потым выйшла замуж і паехала на радзіму мужа ў расійскі Калінінград. Нарадзіла там дачку, але, як гэта нярэдка бывае, перад маладой сям’ёй з усёй вастрынёй паўстала жыллёвае пытанне. Вырашылі вярнуцца ў наш раён, дзе кіраўніцтва калгаса «Бальшавік» прапанавала ім дом у вёсцы Пудакоў. Муж пайшоў працаваць газаэлектразваршчыкам, а Галіна Аляксандраўна ўладкавалася на Веляцінскую МТФ, дзе была спачатку фуражырам, а потым – брыгадзірам.

Потым сям’я пераехала ў Веляцін. Памёр муж, перанесла Галіна Аляксандраўна інфаркт, і ўрачы па стану здароўя забаранілі працаваць у жывёлагадоўлі. А тут якраз і месца паштальёна вызвалілася – вось і пайшла Г.А. Грамкова працаваць у Веляцінскае аддзяленне сувязі.

Непрыкметна праляцеў час і ўжо ў гэтым верасні адзначыць яна 10-гадовы юбілей работы ў якасці паштальёна.

– Ведаеце, гэтая работа мне вельмі падабаецца, – гаворыць Галіна Аляксандраўна. – Увесь час з людзьмі, так прыемна бачыць іх шчырую радасць, калі прыносіш ім свежую карэспадэнцыю. Ад іх цёплых усмешак, ад іх добрага настрою і ў самой становіцца прыемна на душы і прападае стомленасць, знікае груз пройдзеных кіламетраў і ты разумееш, што твая работа вельмі патрэбна людзям.

Дарэчы, што датычыць адзінокіх пенсіянераў, то яны радыя ўжо нават таму, што ты проста заходзіш у іх двор. Клічуць у хату, распытваюць пра навіны ў вёсцы, у райцэнтры і ў раёне ў цэлым. Ну як тут не дапамагчы ім прыбраць у хаце, не прынесці вядзерца вады з калодзежа? Радуюся і таму, што па-ранейшаму актыўна цікавяцца людзі навінкамі перыядычнага друку, асабліва любяць нашу раёнку.

Дарэчы, мой візіт да Г.А. Грамковай не быў выпадковым: яна стала лепшай з паштальёнаў раёна па выніках падпіскі на «Хойніцкія навіны» на другое паўгоддзе 2017 г. Дзякуючы яе старанням, тыраж нашай газеты павялічыўся яшчэ больш, чым на 70 экземпляраў. А таму быў рады паціснуць яе руку і ўручыць невялікую грашовую прэмію ад рэдакцыі газеты.

Расказала Галіна Аляксандраўна і аб тым, як даводзіцца ёй працаваць на паштовай машыне, якая з раённага вузла паштовай сувязі прывозіць у аграгарадок прадукты па заказах вяскоўцаў і тавары паўсядзённага попыту. Іх яна рэалізуе насельніцтву, а выручку здае потым на раённы вузел паштовай сувязі. І ў гэтым напрамку работы ў яе ўсё ў парадку: па стану на 22 жніўня жанчына нагандлявала на агульную суму 1300 рублёў пры плане 400 руб. Таму, натуральна, што задаволена яе работай кіраўніцтва арганізацыі.

Але яшчэ адной, бадай, самай аб’ектыўнай ацэнкай яе працы з’яўляецца шчырая задаволенасць людзей. Іх думку дакладна выказала пенсіянерка Наталля Дарафееўна Лабада:

– Напішыце, што наша Аляксандраўна – самая лепшая паштальёнка з усіх, якія ў нас былі: і працавітая, і ветлівая, і дапаможа заўсёды… Дай Бог усім такіх паштальёнаў!

Пагадзіліся з гэтым меркаваннем і жанчыны, якія стаялі побач у чаканні паштовай машыны. Яны таксама заўсміхаліся і дружна заківалі галовамі: «Так-так, правільна…»

Згадзіцеся: такая аднадушнасць дарагога каштуе.

Віктар Назаранка. Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *