Жыў сумленна, без аглядкі

Людзі і лёсы

Ён – адзін з самых вядомых пісьменнікаў Беларусі. Імя Барыса Іванавіча Сачанкі ўпісана ў гісторыю беларускай нацыянальнай культуры. Пражыў Барыс Сачанка толькі 59 гадоў. Але за гэтыя гады, якія адвёў яму лёс, Барыс Іванавіч паспеў зрабіць шмат. Праўда, вялікая колькасць ідэй і задум так і засталіся не рэалізаванымі. Творца не паспеў іх здзейсніць.



Пісьменнік нарадзіўся 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна. Бацька, Іван Мікалаевіч, працаваў у хімлясгасе. Маці, Вера Міхайлаўна, хадзіла на работу ў калгас, але больш мусіла клапаціцца пра дзяцей, якіх у сям’і было сямёра.



У 1943 годзе фашысты спалілі Вялікі Бор, а ў чэрвені таго ж года Барыс разам з бацькамі быў вывезены ў Германію. Працаваў на ферме нямецкага землеўласніка. Затым быў лагер перамешчаных асоб, прапанова ехаць у ЗША. Але Сачанкамі валодала жаданне хутчэй вярнуцца дамоў, на Палессе. Трагедыя маленства праходзіць амаль праз усю творчасць Барыса Іванавіча. Убачанае і перажытае Барысам Сачанкам яшчэ дзіцём, знайшло сваё адлюстраванне ў творах «Чужое неба», «Апошнія і першыя», «Палон» і інш.
На радзіму вярнуўся ў 1945-м.



У 1955 Сачанка паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое закончыў у 1960-м годзе. У час вучобы ва універсітэце (з 1958) пачаў працаваць у часопісе «Вожык».



Друкаваць свае творы Барыс Сачанка пачаў яшчэ будучы студэнтам. У 1956 годзе часопіс «Маладосць» надрукаваў апавяданне «Плынь». У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі. У 1960-1976  працаваў у  аддзеле прозы часопіса «Полымя», у 1976-1986 – сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. З 1986-га – загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры. Прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.



Б.І. Сачанку ведаюць не толькі як цудоўнага празаіка, але як і крытыка, публіцыста, перакладчыка, актыўнага грамадскага дзеяча, які, не шкадуючы сваіх сіл і здароўя, працаваў на адраджэнне нашай Бацькаўшчыны. Так, Барыс Іванавіч  Сачанка  адным з першых пачаў даследаваць літаратурную творчасць беларускай эміграцыі, рэпрэсіраваных пісьменнікаў, грамадска-літаратурны рух 1920-30-х гадоў. Апублікаваў са сваімі каментарыямі малавядомыя ці зусім невядомыя творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Вацлава Ластоўскага, Казіміра Сваяка, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Клішэвіча і інш.
Творы Барыса Сачанкі перакладзены на англійскую, балгарскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, французскую і іншыя мовы.
За вялікі ўклад у нацыянальную літаратуру, актыўную грамадскую дзейнасць Барыс Сачанка ўзнагароджаны двума ордэнамі «Знак пашаны», медалём «Францыска Скарыны», ушанаваны  літаратурнай прэміяй імя І.Мележа.



5 ліпеня 1995 года пісьменніка не стала, але засталіся яго творы. Ён аддаў увесь свой талент Беларусі.



Падрыхтавала Алена  СМУСЯНОК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *