Урок у музеі

Образование

Стала добрай традыцыяй першы ўрок па вывучэнню творчасці І.П. Мележа ў Глінішчанскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе  праводзіць у Доме-музеі пісьменніка. Выпускнікі школы  разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры В.М. Мележ прыйшлі сюды і пачулі ад дырэктара музея С.П. Ліпніцкай жывое слова аб класіку беларускай літаратуры.
Калі Соф’я Піліпаўна пачала свой расказ, падалося, што сам пісьменнік выйдзе зараз са свайго кабінета і пагутарыць з намі. Але не толькі пра творчасць пісьменніка расказвалася. Будучы стрыечнай  пляменніцай, яна ўзгадала некаторыя жыццёвыя факты. Так, мы даведаліся, што вясковая мянушка бацькі І.П. Мележа Паўла Фёдаравіча была Галаваты, бо яшчэ спрадвеку гэтыя Мележы (а іх у вёсцы Глінішча была не адна сям’я) вылучаліся сваім розумам.



У красавіку 1976 года ў акадэмічным тэатры імя Я. Купалы ў Мінску адбыўся аўтарскі вечар з нагоды 55-годдзя з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мележа. На мерапрыемства быў запрошаны глінішчанскі калектыў мастацкай самадзейнасці, каб праспяваць любімую песню юбіляра «У канцы грэблі шумяць вербы». Сярод жанчын-спявачак  была і мая бабуля Клаўдзія Яфімаўна Гардзеенка, якая расказвала, што ўжо тады падсвядома адчуваў Іван Паўлавіч, што гэта апошняя сустрэча з землякамі, з матчынай песняй, бо праз тры месяцы яго не стала.



Я прачытала «Палескую хроніку» і хачу сказаць, што ёсць кніжкі, якія трэба перачытваць. Для мяне гэта – «Людзі на балоце», у ёй – душа беларускага народа. А яшчэ тонка прапісаны характары герояў цудоўнай мовай. Іван Мележ – вялікі раманіст, які адлюстраваў жыццё палескай глыбінкі на драматычным павароце нашай дзяржавы. А яшчэ вельмі тонка прапісаны характары герояў, цудоўная мова. Вось на такой трапяткой, жывой беларускай мове, на якой размаўляюць персанажы нашага славутага земляка-пісьменніка, і вяла ўрок Соф’я Піліпаўна Ліпніцкая.



Іван Паўлавіч валодаў найвялікшым прыродным дарам з усёй шчырасцю расказваць праўду аб Палессі. аб роднай зямлі, якая дала яму пуцёўку ў жыццё. Ён хацеў, каб чытачы яго твораў палюбілі гэтую зямлю, ведалі пра яе.



 Нам, вучням школы, вельмі пашанцавала ў тым, што беларуская літаратура адкрывае цудоўны і багаты свет менавітут тут,  на радзіме пісьменніка.


 


Н. НАЛЯГОВІЧ, вучаніца 10 класа Глінішчанскага д/с-СШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *