У Лельчыцах прайшоў VІ рэгіянальны фестываль песеннага мастацтва «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных» на прыз М.П. Дрынеўскага. Гэта вялікае народнае свята, значная падзея ў культурным жыцці не толькі лельчыцкага краю, але і ўсёй вобласці.
Фестываль праводзіцца ў гонар славутага земляка (выхадца з вёскі Тонеж), мастацкага кіраўніка Нацыянальнага Акадэмічнага Народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, прафесара, народнага артыста Беларусі Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага. Ён арганізоўваецца і збірае творчыя калектывы Гомельшчыны і краін-суседзяў адзін раз у тры гады. І кожны раз падкрэслівае невычэрпнасць і шматграннасць народных талентаў.
Сёлета на фестываль прыехала больш за трыццаць таленавітых «каманд» з дзевяці раёнаў вобласці, а гэта каля чатырохсот чалавек. Спачатку была прывітальная візітка артыстаў на цэнтральнай сцэне, далей – урачыстае шэсце, а потым конкурсная праграма ў гарадскім цэнтры культуры.
Хойнікшчыну на гэтым песенным свяце прадстаўляла аматарскае аб’яднанне са званнем «Народны» «Спадчына» пад кіраўніцтвам Л.У. Краўчанка. На суд журы і гледачоў, згодна з палажэннем, хайнічане прапанавалі дзве рознахарактарныя песні – «Чарнаморчык» (без музычнага суправаджэння) і «Мой мужанька рабацёшанька» (пад баян і шумавыя інструменты). Іх выдатнае выступленне было высока ацэнена – дамоў вярнуліся з Дыпломам III ступені, кубкам і каштоўным падарункам – мікрахвалёвай печкай.
«Гэта ўзнагарода для нас роўная перамозе, – адзначае кіраўнік калектыву Лілія Уладзіміраўна Краўчанка. – Многія з удзельнікаў фестывалю ўжо неаднойчы прадстаўлялі свае праграмы, а наша «Спадчына» дэбютавала на гэтай лельчыцкай сцэне. І мы вельмі задаволены, што сталі дыпламантамі фестывалю, што змаглі данесці да сэрцаў журы, слухачоў нашы песні і з гонарам прадставіць свой любімы раён. Атрымаць узнагароду з рук Маэстра, кіраўніка вядучага творчага калектыву краіны, чалавека, для якога не існуе таямніц народнай творчасці, які ўсё сваё жыццё прысвяціў песеннай спадчыне, – дарагога каштуе! Конкурс цудоўны, мы атрымалі самыя лепшыя ўражанні».
Да слова, для Л.У. Краўчанка гэта не першая ўзнагарода на фестывалі. Ганаровую грамату М.П. Дрынеўскі ўручаў ёй тры гады таму. Аднак гэта асабіста, а вось хойніцкім калектывам дагэтуль не ўдавалася «вырваць» перамогу.
Артысты ўдзячны начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Няволінай за арганізацыю паездкі, метадыстам РДК А.В. Дыгун за дапамогу ў пошуку касцюмаў з элементамі нашага рэгіёна і В.М. Юхно, якая была суправаджаючай. А таксама ўдзельнікам народнага ансамбля «Крыніца», якія падтрымлівалі канкурсантаў у глядзельнай зале. Калектыў Хойніцкай дзіцячай школы мастацтваў радаваў гасцей свята сваёй канцэртнай праграмай увечары на цэнтральнай плошчы Лельчыц.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.