Такую назву мела мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Барыса Іванавіча Сачанкі.
Вядучыя мерапрыемства бібліятэкары Т.А. Кардаш і В.У. Белаш шчыра вітаюць ўсіх прысутных, адзначаюць, што няўмольна бяжыць час, аддаляючы ад нас даты і імёны, але ён не можа паўплываць на памяць нашчадкаў пра тых, хто пакінуў пасля сябе добрыя справы, заслужыў тым самым удзячнасць наступных пакаленняў. Барыс Сачанка – не выключэнне. Пра яго, таленавітага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа, літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І.П. Мележа, грамадзяніна, грамадскага дзеяча вёўся расказ.
Да землякоў пісьменніка звяртаецца начальнік аддзела культуры райвыканкама В.І. Баранаў:
– Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць аднаго з лепшых песняроў беларускага народа – Барыса Іванавіча Сачанкі. Хаця ён пражыў кароткае жыццё, але творчы талент яго разгарнуўся ва ўсю моц. Аб тым, што ён мог зрабіць, мы ўсе можам адчуць, чытаючы і перачытваючы яго творы, якія выдадзены на многіх мовах свету. Гэта, без перабольшвання, быў магутны талент, чыё жыццё застаецца ў радках і старонках яго кніг.
У літаратуры існуе ў пэўным сэнсе парадаксальная заканамернасць – чым далей пісьменнік аддаляецца ад сваёй малой Радзімы, тым больш у творчасці да яе набліжаецца. Пакаленне Барыса Сачанкі – гэта пакаленне, якое ішло па слядах Івана Мележа, Івана Шамякіна, Янкі Брыля. Ісці па чужых слядах, але знайсці сваю сцяжынку – задача з няпростых, і пісьменніку ўсё ж такі ўдалося не «згубіцца» на фоне тых, хто ішоў па шляху першым. У аснове яго твораў, якія былі прадстаўлены на выстаўку загадчыцай Велікаборскай бібліятэкі Э.М. Кузьменка, дзе знаходзіцца пакой Б.І. Сачанкі, – жыццёвыя падзеі, што адбываліся на Палессі. Героі твораў – людзі з адметнай паляшуцкай псіхалогіяй, своеасаблівым складам розуму.
Напоўнены творы паветрам Палесся, якое звінела на сустрэчы галасамі самадзейных артыстаў. Загадчыца Храпкаўскага сельскага клуба Т. Серада прачытала свой верш, падарылі песні ў сваім выкананні юныя артысты А. Сцешыц, П. Ходас, Н. Лабачова. Для землякоў пісьменніка спявалі ўдзельнікі мужчынскага вакальнага ансамбля «Галасы Палесся», ансамбля «Журавінка» ГЦКіС «Меліяратар», дуэт у складзе А. Сцішанка і Л. Садоўскай з ансамбля «Песні над Палессем».
На заканчэнне мерапрыемства мастацкі кіраўнік Велікаборскага СДК Ж.У. Харошка падарыла кветкі родным Б.І. Сачанкі – яго сваячцы пенсіянерцы С.А. Сачанка і ўнучатай пляменніцы, гомельскай школьніцы Яне.
14 мая людзі сабраліся ў Вялікім Боры для таго, каб адзначыць юбілей свайго славутага земляка. Арганізатары мерапрыемства паклапаціліся, каб яно засталося кранальным і запамінальным.
Клаўдзія БОСАК.