Самая пільная ўвага — добраўпарадкаванню

Добраўпарадкаванне

Па выніках мінулага года наш горад быў прызнаны пераможцам Рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Гэты факт не толькі з’яўляецца высокай ацэнкай праведзенай работы, але і накладвае на прадпрыемствы і арганізацыі, жыхароў горада пэўныя абавязкі – мы і надалей павінны адпавядаць ганароваму званню лепшага з малых гарадоў краіны.



Аб тым, якія напрамкі возьме далейшая работа па добраўпарадкаванню ў нашым горадзе і раёне, пытаннях будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў, прамысловасці сацыяльнага і культурнага прызначэння расказвае намеснік старшыні райвыканкама А.У. МАШЭЎСКІ.



– Алег Уладзіміравіч, дзякуючы чаму Хойнікі ў мінулым годзе прызнаны лепшымі сярод малых гарадоў краіны?
– Вялікі ўклад у гэтае цудоўнае пераўтварэнне нашага горада ўнесла падрыхтоўка да свята рэспубліканскага маштабу – Дня беларускай пісьменнасці. Новы і сучасны выгляд набылі адміністрацыйныя будынкі, магазіны, Дамы культуры, іншыя аб’екты сацкультбыту, гарадскі парк, не злічыць, колькі кветак, кустоўяў і дрэў упрыгожылі вуліцы і плошчы горада. Аднак дастойны ўклад у справу добраўпарадкавання і цяперашняга росквіту райцэнтра ўнеслі і самі хайнічане. Успомнім мінулы год: практычна ў кожнай арганізацыі прайшлі касметычныя або капітальныя рамонты, людзі нямала папрацавалі на вытворчых, а таксама на замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі тэрыторыях, падцягнулася бытавая культура ў прыватным сектары. Вызначыліся і не спыняюцца на дасягнутым зараз калектывы ўсіх дарожна-будаўнічых і дарожна-эксплуатацыйных арганізацый, абодвух філіялаў банкаў, раённага спажывецкага таварыства, ПМС, аўтарамонтнага і торфабрыкетнага заводаў, завода ЖБВ, Хойніцкай ПМК і ААТ «Хойнікірамбуд», Палескага ўчастка ААТ «Малочныя прадукты», раённага філіяла «Энергазбыту» і раёна электрасетак, ДЛГУ «Хойніцкі лясгас», ДПТВ-183, участка па прыёму нафтапрадуктаў.



– Не цяжка заўважыць, што работы па добраўпарадкаванню працягваюцца і зараз.
– Так, у гэтыя дні ДЭУ-155 займаецца добраўпарадкаваннем вуліцы Калесніка ў той яе частцы, якая забудавана прыватнымі дамамі. Дарэчы, сёння добраўпарадкаванне каштуе нямала: пастаянна даражэюць матэрыялы і кошт работ, а ў дадатак да ўсяго ў нашым горадзе няма магутных і багатых прадпрыемстваў, якія б з’яўляліся моцнымі донарамі раённага бюджэту. Напрыклад, кошт работ па добраўпарадкаванню адной толькі вуліцы Калесніка на ўчастку ад яе перакрыжавання з вуліцай Лермантава і да транспартнага кальца каля нафтабазы абыйдзецца нам у 1 мільярд 650 мільёнаў рублёў, а то і болей.
Тым не менш, мы імкнемся сваімі сіламі выканаць усе мерапрыемствы раённай Праграмы добраўпарадкавання на перыяд да 2012 года. Там, дзе няма магчымасці пракласці асфальт, будзем грэйдэрам выраўніваць вуліцы шчэбнем і адсевам – такія работы зараз вядуцца на вуліцах Качаткова і Камунальнай, запланаваны яны і на суседніх з названымі вуліцах. Для гэтых мэт КЖУП «Хойніцкі камунальнік» закупіла 200 тон шчэбню. Адным словам, работы па добраўпарадкаванню горада будуць працягвацца і ў гэтым годзе, з адной толькі агаворкай – наколькі хопіць сродкаў і магчымасцей.



– Па вуліцы Савецкай насупраць каталіцкага касцёла пачалося ўзвядзенне шматпавярховага жылога дома. Будаўніцтва якіх яшчэ аб’ектаў запланавана пачаць у 2011 годзе? 
– Дом, які маецца на ўвазе, разлічаны на 40 кватэр. Гэта будзе сацыяльнае жыллё, пераважна для маладых спецыялістаў, якія прыбылі на пастаянную работу ў наш раён. Будаўніцтва гэтага панельнага дома вядуць спецыялісты Гомельскага домабудаўнічага камбіната, а ўвод яго ў эксплуатацыю намечаны на 1 кастрычніка бягучага года.
Таксама ў першы дзень кастрычніка мы плануем закончыць рамонт лазні па вуліцы Савецкай, зараз на гэтым аб’екце ідуць аддзелачныя і работы па добраўпарадкаванню.
Насупраць райваенкамата ў ліпені гэтага года пачнецца будаўніцтва новага будынка «Энергазбыту», на канец мая намечана заканчэнне рамонту будынка раённага аддзела ўнутраных спраў, у гэтым жа годзе закончым рамонт будынка суда, новы шатровы дах з’явіцца і над адміністрацыйным будынкам Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Вялікі аб’ём работ запланаваны ў галіне цепла- і водазабеспячэння. Зараз вядуцца работы па замене цепласетак у мікрараёне «Юбілейны», а з 1 чэрвеня спыняем работу кацельні торфабрыкетнага завода, з першых жа дзён лета пачнем і рэканструкцыю станцыі другога пад’ёму вады. Тут будзе заменена на імпартнае існуючае зараз тэхналагічнае абсталяванне, якое дазволіць у 2-3 разы зменшыць затраты электраэнергіі, будуць заменены водаводы на тэрыторыі станцыі, рэканструкцыі падвергнецца станцыя абезжалезвання вады. У раёне торфабрыкетнага завода будуць дадаткова прабураны дзве водазаборныя свідравіны. Усе гэтыя меры дазволяць значна палепшыць якасць водаправоднай вады, зменшыць колькасць аварый і парываў на водных і цеплавых камунікацыях.



– З вашых слоў вынікае, што і надалей жыць у Хойніках стане ўтульней і камфортней. Што яшчэ Вы хацелі б сказаць жыхарам горада і раёна?
– Для таго, каб на самой справе жыццё ў нашым горадзе і яго населеных пунктах стала ўтульным і камфортным, намаганняў адных толькі мясцовых улад, камунальнікаў і будаўнікоў недастаткова. Патрэбны адпаведныя клапатлівыя і ўважлівыя адносіны да ўсяго пабудаванага, адрамантаванага, вычышчанага і вырашчанага з боку людзей. Вось адзін толькі факт. КЖУП «Хойніцкі камунальнік» набыў больш за 100 туй, якія высадзілі ў парку і на гарадскіх вуліцах, кожная з іх каштуе 130 тысяч рублёў, у суме – за 13 мільёнаў. А праз месяц пасля гэтага знікла адно дрэўца на вул. Калгаснай, праз тыдзень – другое. І справа не толькі ў дарэмна патрачаных грошах (хаця і ў іх, безумоўна, таксама) – каму ад дзвюх пустых ямін па Калгаснай стала лепш і камфортней?
Капейкі па сённяшніх грошах каштуе заключэнне жыхарамі дагавораў з жылкамунгасам на вываз бытавога смецця з дамоў прыватнага сектара. Але ўсё роўна адмаўляюцца, употай хаваючыся, носяць вёдрамі, сыплюць у зялёных насаджэннях, на пакінутых селішчах, ствараючы новыя смеццязвалкі. Няўжо не лепш сабраць адходы ў адну-дзве, няхай тры, ёмістасці і выставіць за вароты (тым болей, што і несці нікуды не трэба – трактар у вызначаны час забярэ)?
Успомнім старую, як свет, ісціну: чыста там, дзе не смецяць. Вось чаму для таго, каб наш горад не толькі ў цэнтры, але і на ўскраінах радаваў чысцінёй, дагледжанасцю, зелянінай і кветкамі і нас саміх, і людзей прыезджых, давайце быць у ім сапраўднымі, дбайнымі і руплівымі гаспадарамі.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *