ДЗЕНЬ ФІЗКУЛЬТУРЫ І СПОРТУ

Спорт

НАШ ЗЯМЛЯК – БРОНЗАВЫ ПРЫЗЁР



Беларуская федэрацыя паўэрліфтынгу пры падтрымцы Міністэрства спорту и турызму Рэспублікі Беларусь, Гомельскага абласнога камітэта ГА «БРСМ», Адміністрацыі Навабеліцкага раёна г. Гомеля, аддзела па справах моладзі гарвыканкама і дзіцяча-юнацкага клуба фізічнай падрыхтоўкі «Залатая рысь» правяла ХХІІІ адкрыты чэмпіянат Беларусі па паўэрліфтынгу сярод мужчын і жанчын. Усяго ў гэтым прадстаўнічым мерапрыемстве прынялі ўдзел 75 спартсменаў з розных гарадоў Беларусі, а таксама  ўдзельнічалі расійскія цяжкаатлеты.



У вагавай катэгорыі да 83 кг былы выпускнік СШ №3, а зараз лейтэнант псіхолаг 8-га Варшаўскага ордэна Працоўнага чырвонага сцяга палка радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, што дыслацыруецца ў Старых Дарогах, Ілля Дукорскі, які выступаў за каманду Хойнік,  стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў ў намінацыі «Сума трохбор’я» з вынікам 697,5 кг  у вагавай катэгорыі да 83 кг.



Атлет узнагароджаны дыпломам і медалём  ад федэрацыі, а таксама атрымаў камплект спартыўнага харчавання ад Інтэрнет-магазіна  «Бізон».



ПАПОЎНІЛАСЯ КАЛЕКЦЫЯ ЎЗНАГАРОД
У спорткомплексе «Стайкі» адбыўся чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па дзюдо сярод ветэранаў. Даўно на спаборніцтвах па гэтаму віду спорту, якія праводзяцца ў нашай краіне, не з’яджалася столькі майстроў дзюдо, якія ў розныя гады зіхацелі на татамі, з гонарам абаранялі свае калектывы, рэгіёны і краіну на спаборніцтвах розных узроўняў.
Адкрыў чэмпіянат галоўны суддзя спаборніцтваў старшыня савета ветэранаў Беларускай федэрацыі дзюдо, заслужаны трэнер СССР С.А. Гуманаў. Пажадаў поспехаў ў спорце і жыцці ўдзельнікам чэмпіяната галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Р.С. Машкоўскі.



З вялікім інтарэсам назіралі адкрыццё чэмпіяната, а затым і самі спаборніцтвы ўдзельнікі праходзіўшай у гэты час у спорткомплексе «Стайкі» спартакіяды сярод ДЮСШ.
У чэмпіянаце ветэранаў прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей і г. Мінска. Спаборніцтвы праходзілі па 11 групах (вага + узрост).



Гонар Гомельскай вобласці абараняў Алег Маратавіч Лук’яненка, трэнер СДЮШАР г. Хойнікі. У вагавай катэгорыі да 66 кілаграмаў у сярэдняй узроставай групе ён дайшоў да фінала і ў фінальным паядынку сустрэўся на татамі з чатырохразовым чэмпіёнам свету і Еўропы па дзюдо, кіраўніком азербайджанскай дыяспары ў Беларусі Натыкам Багіравым.
Наш зямляк паказаў высокі клас на чэмпіянаце,  уступіўшы першае месца свайму знакамітаму саперніку. А да спартыўных узнагарод хайнічаніна дабавіліся кубак, медаль і дыплом за другое месца.


 


СЁСТРЫ-ЦЯЖКААТЛЕТКІ ЗНОЎ НАПЕРАДЗЕ


Вялікага поспеху на адбыўшымся ў горадзе Пінску першынстве Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы сярод юніёраў і юніёрак 1991-1993 гадоў нараджэння дабіліся выхаванцы трэнера М.В. Глушакова.



 За зборную каманду Гомельскай вобласці на гэтым прадстаўнічым спартыўным форуме выступалі сёстры Вольга і Таццяна Нікіценкі. Вольга, былая вучаніца СШ №2, а зараз навучэнка Магілёўскага вучылішча алімпійскага рэзерву, ва ўзроставай групе да 15 гадоў ў вазе 63 кг ў рыўку падняла штангу вагой 74 кг. Такім чынам, стала рэкардсменкай Рэспублікі Беларусь. А Таццяна, (на здымку) вучаніца гэтай жа  школы, па суме двухбор’я ўзяла штангу вагой 135 кг і гэтым выканала нарматыў майстра спорту Рэспублікі Беларусь і заняла трэцяе месца ў асабістым першынстве ў вазе 53 кг.



Таксама нарматыў майстра спорту ў вазе да 69 кг выканаў юны цяжкаатлет, зноў жа вучань другой гарадской сярэдняй школы Архан Аліеў, які ў суме двухбор’я паказаў 260 кг.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *