Праверылі і дапамаглі

Сельское хозяйство

У час правядзення адказных сельскагаспадарчых кампаній важна не толькі стварыць неабходныя ўмовы для плённай працы людзей, але і паклапаціцца аб іх бяспецы. У Законе Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”, які ўступіў у сілу з 2 студзеня 2009 года, прад’яўляюцца жорсткія патрабаванні ў гэтых пытаннях. І трэба сказаць, што рыхтуючыся да сёлетняй веснавой пасяўной, у раёне шмат зроблена для таго, каб забяспечыць бяспечную працу хлебаробаў. У вучэбным камбінаце райсельгасхарчу для спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў прачытаны цыкл лекцый гэтай тэматыкі, растлумачаны пэўныя палажэнні новага закона. У структурных падраздзяленнях гаспадарак праведзены пазапланавыя інструктажы па ахове працы, створаны камісіі для праверкі ведаў працуючых.

Лепшая, чым у мінулыя гады, ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах нарматыўна-прававая база, аформлена неабходная дакументацыя і інш.

Для своечасовага выяўлення парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб ахове працы, аказання практычнай дапамогі наймальнікам у арганізацыі бяспечнага правядзення веснавых палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, уборачных работ, прыняцця аператыўных мер па ўхіленню выяўленых недахопаў рашэннем раённага выканаўчага камітэта была створана мабільная група, якую ўзначаліла намеснік старшыні райвыканкома, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Н.А. Слесарэнка. У склад групы ўваходзіць і галоўны дзяржаўны інспектар Рэчыцкай міжраённай інспекцыі працы Ю.Б. Нікішын.

Правераны ўсе гаспадаркі раёна па пытаннях бяспечных умоў працы. Лепш іншых гэта работа пастаўлена ў КСУП імя Мележа (старшыня прафкома, інжынер па ахове працы А.М. Карніцкі), эксбазе “Стралічава” (інжынер па ахове працы П.А. Пячэрскі), КСУП “Судкова” (спецыяліст па ахове працы А.І. Краўчанка). Дарэчы, апошняя гаспадарка сёлета ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю аховы працы  сярод сельгаспрадпрыемстваў заняла першае месца.

Радуе той факт, што на сёлетняй пасяўной не дапушчана выпадкаў ні цяжкага, ні лёгкага траўматызму, не ў баку ад важнай справы прафсаюзныя актывісты. Як недахоп члены мабільнай групы адзначылі, што ў шэрагу гаспадарак патрэбна ўнесці змяненні ў інструкцыі па ахове працы ў адпаведнасці з новым законам. Недастаткова працаўнікі забяспечаны спецадзеннем, мыючымі сродкамі. Няма дзе памыцца пасля напружанага працоўнага дня хлебаробам агракамбіната “Віць”. Тое ж датычыць і КСУП “Велікаборскі”, дзе ёсць толькі летні варыянт душа.

Характэрна, што правяраючыя  не толькі выяўлялі недахопы, але і ўказвалі шляхі іх выпраўлення, давалі метадычныя рэкамендацыі.

На здымку: у час праверкі ў агракамбінаце “Віць” (злева направа) галоўны інжынер па ахове працы, тэхніцы бяспекі, пажарнай бяспецы і грамадзянскай абароне райсельгасхарчу С.С. Козак, галоўны дзяржінспектар Рэчыцкай міжраённай інспекцыі працы Ю.Б. Нікішын, механізатар гаспадаркі М.В. Дылянок, вядучы дзяржінспектар Рэчыцкай міжраённай інспекцыі працы С.В. Кастрама, галоўны інжынер райсельгасхарчу А.Р. Варабей і старшыня райкома прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка.


Уладзімір СЯМЁНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *