Па ініцыятыве раённага Савета дэпутатаў у нашым раёне праводзіцца свята вёскі. Згодна з распрацаваным графікам правядзення мерапрыемства яно пройдзе ў большасці сельскіх населеных пунктаў Хойнікшчыны. У мінулую суботу свята адзначалі вёскі Рудакоў Стралічаўскага, Слабажанка і Хвойнае Алексіцкага, Барысаўшчына Барысаўшчанскага сельскіх Саветаў. Разнастаілі культурную праграму свята самадзейныя артысты аддзела культуры райвыканкама – калектывы ГЦКіС «Меліяратар» і дзіцячай школы мастацтваў.
Вядучым мерапрыемства, а таксама распрацоўшчыкам яго сцэнарыю з’яўляўся загадчык клуба А.К. Бяляўскі, які змог зрабіць усё належачае, каб свята запомнілася яго аднавяскоўцам.
Слоўныя і песенныя віншаванні прымалі самыя старэйшыя жыхары Хвойнага – В.С. Канапелька, 1920 года нараджэння і 80-гадовая М. К. Тальчук, самая малодшая жыхарка – двухгадовая Яна Бяляўская, а таксама людзі, якія свой дзень нараджэння адзначаюць у маі месяцы, – М.М. Бяляўскі, К.Я. Салянка, Я.У. Мянёк, М.І. Салянка, і народны ўмелец М.М. Канапелька, бандарскаму рамяству якога можна толькі пазайздросціць.На свяце вёскі падведзены вынікі конкурсу на лепшае сялянскае падвор’е – падарунак атрымала яго пераможца Т.І. Мянёк. Добрым канцэртам парадаваў народны ансамбль «Крыніца» ДШМ.
Жыхары вёскі Рудакоў сабраліся каля мясцовага ФАПа. Са святам іх павіншавалі старшыня Стралі-чаўскага сельскага Савета В.М. Бельская, дырэктар эксперыментальнай базы «Стралічава» У.Л. Бондар. Упаўнаважаны вёскі В.С. Дзенісенка запрасіла на выстаўку сваіх вырабаў – тканых коўдраў і вышыўкі. Пенсіянерка, былая паштальёнка В.В. Карнакова спявала для аднавяскоўцаў народныя песні, таксама выдатную канцэртную праграму падрыхтаваў калектыў мастацкай самадзейнасці Стралічаўскага цэнтра вольнага часу з удзелам вучняў мясцовай школы.
Падагульняючы першы этап правядзення свята вёскі хочацца пажадаць, каб пры ўсёй сваёй занятасці дырэктары сельгаспрадпрыемстваў знай-шлі час папрысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, сказаць словы ўдзячнасці людзям, якія стваралі сённяшні дзень гаспадаркі. Выклікае пытанне і збор насельніцтва на мерапрыемства – на свята больш актыўна ішлі жыхары малаколькасных населеных пунктаў.
Клаўдзія БОСАК.