66 гадоў назад закончылася страшная вайна. Фільмы, кнігі, музейныя экспанаты… Здаецца, мы ведаем аб той вайне ўсё. Але поўную карціну праходзячага можна ўзнавіць толькі па ўспамінах відавочцаў. Іх расказы – гісторыя народнай мужнасці.
9 мая 2011 года прагрымеў салют у гонар тых, хто падарыў нам будучае. Сярод іх і наш зямляк, убелены сівізной ветэран, якому сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння, Міхаіл Маісеевіч Пікуль.
Нарадзіўся М.М. Пікуль 8 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Краснаселле Хойніцкага раёна, быў адзіным дзіцём у добрай працавітай сялянскай сям’і. Рана спазнаў сялянскую працу, рос дапытлівым і разумным, цікавіўся вельмі многім у жыцці. Галоўныя рысы – дабрыню, адданасць працы – пранёс праз усё жыццё. Ён і цяпер, у паважаным узросце, такі ж прыгожы, падцягнуты і акуратны.
Пасля заканчэння сямі класаў Міхаіл паступіў у Мазырскае медвучылішча на фельчарска-акушэрскае аддзяленне. Настойлівасць у дасягненні мэты, выдатныя веды, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці – гэта было заўважана і ацэнена дырэкцыяй і выкладчыцкім калектывам вучылішчам. Юнак быў прыняты кандыдатам у члены КПСС.
Пасля заканчэння вучылішча ў 1952 годзе Міхаіл Пікуль быў размеркаваны на працу загадчыкам Алексіцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Там і адбылося маё знаёмства з доктарам, які прыходзіў да нас, вучняў, і бязбольна рабіў прышчэпкі. А пры сустрэчы ён абавязкова пытаўся пра самаадчуванне, даваў парады.
Са сваёй сям’ёй Міхаіл Маісеевіч жыў на той час у вёсцы Багуславец, раніцой хадзіў у Княжыцу за малаком, затым, управіўшыся па гаспадарцы, ішоў за тры кіламетры ў Алексічы, але ніколі не спазняўся на працу, дзе яго чакалі пацыенты. Участак быў вялікім – радыус абслугоўвання 6-8 кіламетраў. А яшчэ былі выклікі на дом, патранаж дзіцячага насельніцтва, прафілактычная работа з дзецьмі і дарослымі. І самае цяжкае ў рабоце медыка – роды на даму (а іх было многа). Тады не было электрычнасці, тэлефона, бальнічнага транспарту ды і да райцэнтра звыш 25 кіламетраў.
Многія роды Міхаіл Маісеевіч памятае да гэтага часу – у вёсцы Тунеўшчына на рускай печы, пры лямпавым асвятленні, ноччу. У Княжыцы прыняў у такіх жа ўмовах тройню – дзвюх дзяўчынак і хлопчыка. Некалькі сутак з урачом Паташэнскай амбулаторыі Юліяй Іосіфаўнай Зелянкоўскай змагаліся за жыццё нованароджанага хлопчыка з асфіксіяй – рэаніміравалі ў дамашніх умовах, выратавалі. Зразумець цяжкую працу медработніка на вёсцы ў пасляваенны час могуць толькі самі медработнікі.
З 1955 па 1957 год М.М. Пікуль з’яўляўся старшынёй Аравіцкага сельскага Савета, затым працаваў фельчарам Аравіцкай участковай бальніцы.
Маючы трох дзяцей, у 1959 годзе ён паступіў у Віцебскі медінстытут. Каб выжыць самому і падтрымаць сям’ю матэрыяльна, з першых дзён вучобы працаваў на здраўпункце фабрыкі «КІМ» фельчарам. Даводзілася з цяжкасцю здабываць прадукты (іх тады быў дэфіцыт з вялікімі чэргамі), ды і давезці іх з Віцебска ў Аравічы было праблематычна. Дабіраўся дамоў спадарожным транспартам, калі-нікалі даводзілася ў той жа дзень вяртацца назад, ледзь пабачыўшы сям’ю і пакінуўшы ёй правізію.
Пасля заканчэння медінстытута ў 1965 годзе быў накіраваны намеснікам галоўнага ўрача Хойніцкай райбальніцы. Але адладжаны быт у Аравічах, сям’я, жыллё і вызваліўшаяся пасада галоўнага ўрача мясцовай участковай бальніцы прымусілі адмовіцца ад пасады ў райцэнтры.
Зараз Міхаіл Маісеевіч з любоўю успамінае ўсіх, з кім давялося там працаваць, – фельчара Паўла Фадзеевіча Бурлачэнку, акушэрак Вольгу Нікадзімаўну Кулакоўскую і Любоў Іванаўну Баташову, санітарку Варвару Раманаўну Дылянок, партызанку атрада Каўпака, якой прапаноўвалі жыллё ў Кіеве, а яна хадзіла на працу за 5 кіламетраў з Краснаселля ў Аравічы.
У 1986 годзе Міхаілу Маісеевічу разам з сям’ёй і аднавяскоўцамі давялося пакінуць малую радзіму. Пераехалі з жонкай у Хойнікі. 10 гадоў потым адпрацаваў М.М. Пікуль загадчыкам Судкоўскай урачэбнай амбулаторыі, затым да 2002 года – у райпаліклініцы.
Любоў да медыцыны Міхаіл Маісеевіч пранёс праз усё сваё жыццё, ніколі не пашкадаваў аб зробленым у юнацтве выбары. Выраслі дзеці. Прадаўжальніцай бацькавай прафесіі стала дачка Вольга, якая працуе акушэркай у расійскім горадзе Пскове. Сын Ілля з сям’ёй пражывае ва ўкраінскім горадзе Краматорску, там жа працуе медсястрой унучка Алена. Акрамя яе, Міхаіл Маісеевіч мае яшчэ чатырох унукаў і столькі ж праўнукаў.
Незагойнай ранай для Пікуля застаецца трагічная смерць сына Анатолія. Пайшла з жыцця любімая жонка, былая настаўніца, Марыя Іванаўна. Застаўшыся адзін, Міхаіл Маісеевіч не замкнуўся ў сценах сваёй кватэры – прымае саўдзел у жыцці суседзяў, знаёмых, землякоў. Нядаўна, наведаўшы могілкі ў Аравічах, знайшоў забытую, недагледжаную магілку былой старшыні сельскага Савета Алены Якаўлеўны Ронжынай, якую немцы расстралялі ў верасні 1941 года. За свае грошы Міхаіл Маісеевіч вырабіў на рамонтным заводзе агароджу і крыж і ўстанавіў іх на месцы апошняга прыстанішча сваёй зямлячкі.
М.М. Пікуль вельмі ўдзячны старшыні раённай ветэранскай арганізацыі В.С. Васькевічу, дырэктарам рамзавода і ПДРЭЗ У.А. Хорсуну і П.М. Кудану, супрацоўнікам райваенкамата за дапамогу ў гэтай справе.
У дзень юбілею, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, працаўніку тылу, ветэрану самай гуманнай прафесіі на зямлі Міхаілу Маісеевічу Пікулю жадаю доўгіх гадоў жыцця, актыўнага даўгалецця і добрых пачынанняў.
Н. ЗАЛЕЎСКАЯ, выдатнік аховы здароўя СССР.