Адным з тых, хто прысвяціў машынабудаванню большую частку свайго жыцця, варта назваць хайнічаніна Уладзіміра Рыгоравіча Баласа.
На завод гідраапаратуры ён прыйшоў адразу пасля заканчэння Мінскага вучылішча бытавікоў, дзе атрымаў спецыяльнасць «электраманцёр». Гэтаму папярэднічала служба ў арміі, а яшчэ раней юнак захапляўся музыкай і ўдзельнічаў у якасці барабаншчыка ў вакальна-інструментальным ансамблі, як самі сябе называлі музыкі, «Дварышчанскія браты свабоды». Не адно мерапрыемства ў Хойніках прайшло пад акампанемент ВІА «ДБС». Гэтыя моманты юнацтва Уладзімір Рыгоравіч успамінае з добрай усмешкай. Кажа, што і сёння можа задаць рытм – рукі, маўляў, памятаюць. Дарэчы, уменне трымаць рытм дапамагае ў прафесіі і нават жыцці.
Першы год работы, 1981-ы, Уладзімір правёў на будаўніцтве – якраз у той час узводзілі другую чаргу вытворчых магутнасцяў на базе пляцоўкі «Хвойная Паляна». Для асваення новай прафесіі – станочніка – ездзіў на курсы ў Маскву, а пасля рэалізаваўся ў новай спецыяльнасці на малой радзіме. Дзесяць гадоў Уладзімір Рыгоравіч адпрацаваў каля заводскага станка ў якасці аператара металарэжучых станкоў-аўтаматаў. За гэты час змяніўся і сямейны стан мужчыны.
Праз год пасля прафесійнага замацавання на заводзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай – Ганнай Іванаўнай. З ёй у хуткасці ажаніліся, а летась адзначылі каралавае вяселле – 35 год сумеснага жыцця. У пары за гэты час нарадзіліся і выраслі двое дзяцей – сын Аляксандр і дачка Алена. Працоўны досвед Уладзіміра Рыгоравіча ўсё ж крыху больш за сямейны стаж.
Не ў яго правілах зменьваць курс. Як сам прызнаецца, хаця і былі на заводзе не самыя ўдалыя часы, але ж не шукаў іншай працоўнай долі. Так і ў шлюбе. Гэта, дадае мой субяседнік, у яго захавалася бацькоўская рыса: тата, Рыгор Іванавіч, таксама ўсё жыццё прысвяціў адной жанчыне і прафесіі.
Зарэкамендаваўшаму сябе правераным спецыялістам, пасля 10 гадоў работы кіраўніцтва завода прапанавала У.Р. Баласу кар’ернае павышэнне. Пасля шасцімесячных курсаў на Цюменскім машынабудаўнічым заводзе прыняў абавязкі майстра вытворчага цэха. На кантролі ва Уладзіміра Рыгоравіча больш за 20 работнікаў, іх вытворчыя паказчыкі і дысцыпліна. І так на працягу 25 гадоў. Неаднаразова за прафесійныя поспехі прозвішча Балас красавалася на заводскай Дошцы гонару. Сёлета заслугі мужчыны ацэнены на ўзроўні раёна і блізкі час, калі фотаздымак майстра вытворчага цэха займе годнае месца сярод перадавікоў Хойнікшчыны.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.