Ад скандала да злачынства – адзін крок

Законнасць і парадак

На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Гомельскай вобласці і нашага раёна, у маі бягучага года органамі ўнутраных спраў праводзіліся комплексныя прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджванне правапарушэнняў, насілля ў сям’і, п’янства, таксама – на фарміраванне здаровага ладу жыцця.



Удумайцеся ў лічбы: на Хойнікшчыне ў 2011 годзе за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.3 КОАП Рэспублікі Беларусь прыцягнута 422 чалавекі. Складзена 252 адміністрацыйных пратаколаў за дробнае хуліганства, практычна ўсе яны здзейснены ў стане алкагольнага ап’янення.
За прыцягненне непаўналетніх ў антыграмадскія паводзіны, давядзенне да стану алкагольнага ап’янення, набыццё спіртных напіткаў непаўналетнімі (арт. 17.4 КоАП Рэспублікі Беларусь) у 2011 годзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 7  чалавек.



Сямейна-бытавыя адносіны скрыты ад пабочных вачэй. Калі пастаянныя скандалы ў сям’і выліваюцца ў трагедыю, то толькі тады яны і становяцца здабыткам галоснасці і заканчваюцца пакараннем. Нярэдка  ж сямейным дэбашырам удаецца, дзякуючы  патуранню пацярпеўшых членаў сям’і, ухіляцца ад адказнасці.
Насілле ў сям’і – гэта фізічнае, псіхалагічнае, сексуальнае, а таксама эканамічнае насілле, здзяйсняемае членам сям’і. Абразы, запужванне, эканамічная залежнасць з’яўляюцца часткай насільных узаемаадносін. Любы чалавек можа падвяргацца насіллю, але ў сям’і часцей усяго ад гэтага пакутуюць жанчыны і дзеці.



Найбольш уразлівая катэгорыя – падлеткі з неспрыяльных сем’яў, якія бяруць прыклад са сваіх бацькоў, што ў выніку адбіваецца на іх самастойным жыцці, у адносінах з акружаючымі. Яны прадастаўлены самі сабе, здзяйсняюць рознага роду правапарушэнні. Вось чаму выканаўчыя органы на месцах, іх пастаянныя камісіі, педагагічныя калектывы школ і дашкольных устаноў, рабочыя калектывы не маюць права праходзіць міма нездаровай абстаноўкі ў такіх сем’ях.



Пераадолець сітуацыю, якая склалася ў сферы сямейна-бытавых адносін, можна толькі сумеснымі, скаардынаванымі дзеяннямі грамадства і праваахоўных органаў. Пры гэтым, павінна быць імкненне кожнага чалавека да здаровага ладу жыцця, актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.



Калі вы сталі ахвярай насілля, або вам вядомы сем’і, у якіх існуюць насільныя адносіны, адразу ж званіце па тэлефоне 102. Памятайце, дзе ёсць насілле – там няма сям’і.
Просім кожнага не застацца раўнадушным да гэтай праблемы і аб усіх фактах парушэння антыалкагольнага заканадаўства, а таксама аб правапарушэннях у сферы сямейна-бытавых адносін паведаміць па тэлефоне 102.



Аб усіх фактах незаконнай рэалізацыі спіртнога вы можаце ананімна паведаміць  па тэлефоне «гарачай лініі» палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама – 8(0232)46-44-44, 8(029)195-55-90 або ў раённы аддзел унутраных спраў па тэлефоне 102.



Д. КАЎРОЎ, начальнік аддзялення прафілактыкі і правапарадку РАУС.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *