Працавітыя, мэтанакіраваныя, улюбёныя ў сваю справу

Экономика

Менавіта так можна ахарактарызаваць удзельніц раённага конкурсу «Лепшы па прафесіі» сярод аператараў машыннага даення кароў. Заснавальнікамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне  сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, аддзел па справах моладзі райвыканкама і РК ГА «БРСМ».



На конкурс, які праводзіўся на базе КСУП імя Мележа, дэлегавалі сваіх прадстаўнікоў усе сельгаспрадпрыемствы раёна.
15 чалавек выказалі жаданне паспаборнічаць ва ўменні, хуткасці і спрыце пры выкананні сваіх абавязкаў. Спаборнічалі яны ў дзвюх групах: ва ўзросце да 31 года і старэй па наступных намінацыях: тэарэтычнае заданне, зборка і разборка даільнага апарата, машыннае даенне кароў.



Лепшае веданне тэорыі правяралася ў памяшканні Глінішчанскага цэнтра вольнага часу пад наглядам судзейскай камісіі ў саставе: А.М. Тальчука і Т.У. Кузьменкі, галоўнага заатэхніка і галоўнага спецыяліста па кадрах райсельгасхарчу, В.П. Сенькінай, былога заатэхніка калгаса імя Калініна, Л.С. Заяц, метадыста вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу, А.М. Кудака, галоўнага ветурача раёна. Старшынёй судзейскай камісіі з’яўляўся намеснік начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.П. Махнавец, які звярнуўся да ўдзельніц конкурсу з прывітальным словам, пажадаў кожнай поспехаў у бескампраміснай барацьбе.



Пасля таго як прэтэндэнткі адказалі на пытанні білетаў па машыннаму даенню кароў, адбыўся пераезд удзельнікаў мерапрыемства на ферму вёскі Слабажанка, дзе адбыўся асноўны этап конкурсу – даенне на перасоўнай даільнай устаноўцы пад пільным наглядам журы, у састаў якога была запрошана і прадстаўніца Палескага ўчастка ААТ «Малочныя прадукты» А.Я. Чэкан. Балы налічваліся за тое, як жывёла падрыхтавана да даення, як праведзены масаж вымя, як прыстасаваны даільны апарат, наколькі якасна праводзіцца даенне.



Зборку і разборку даільнага апарата на хуткасць удзельніцы конкурсу праводзілі ў памяшканні Глінішчанскага цэнтра вольнага часу.
Пакуль судзейская калегія выбірала лепшых з лепшых, канкурсанткі былі запрошаны на канцэрт, дзе шчыра апладзіравалі самадзейным артыстам гарадскога цэнтра культуры і спорту «Меліяратар».



І вось, нарэшце, узнага-роджванне за дасягнутыя поспехі. Прайграўшых тут не было, усе ўдзельніцы атрымалі Дыпломы і падарункі.
Першае месца ва ўзроставай групе ад 31 года і старэй  атрымала Людміла Мікалаеўна Худзенка (ААТ «Хойніцкі Аграсервіс»), другое – Марыя Васільеўна Штагер (КСУП «Аравічы»), трэцяе – Аляксандра Адольфаўна Ушакова (КСУП «Агракамбінат «Віць»). Пераможцай ва ўзроставай групе да 31 года выйшла Марына Сяргееўна Ярац (КСУП «Веляцін»). Анастасія Віктараўна Лешчанок з КСУП «Велікаборскі» і Людміла Міхайлаўна Віннік з КСУП «Аравічы» занялі другое і трэцяе месца адпаведна.
Усе  прызёры конкурсу атрымалі  Дыпломы адпаведных ступеняў і прызы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, аддзела па справах моладзі райвыканкама і РК ГА «БРСМ» .


Клаўдзія БОСАК.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *