У гэтым годзе сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна ўбраць збожжавыя на плошчы 13635 гектараў, што на 1635 га болей, чым летась. Павелічэнне збожжавага кліна тлумачыцца тым, што каласавымі культурамі сёлета засеяны нізкапрадукцыйныя пашы і сенакосы. Пры гэтым нагрузка на адзін камбайн складзе 297, а з улікам рапсу – 339 гектараў.
Ушчыльную да падрыхтоўкі тэхнікі да жніва сельгаспрадпрыемствы прыступілі яшчэ з пачатку мая. Неабходныя вузлы і запчасткі кожная гаспадарка набывала за кошт уласных сродкаў, сваімі сіламі выконвалі механізатары і рамонтнікі работы па замене транспарцёраў элеватараў і нахільных камер, ланцуговых перадач, акумулятарных батарэй і іншых вузлоў і механізмаў камбайнаў. Больш складанымі рамонтнымі работамі і аперацыямі займаліся спецыялісты аб’яднання «Гомельаблаграсервіс».
Найбольш арганізавана вялася падрыхтоўка тэхнікі да ўборачных работ у сельгаспрадпрыемствах імя Мележа, «Веляцін», «Судкова», «Велікаборскі». А вось у ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» яшчэ не гатовы 2 камбайны з чатырох, у тым ліку і адзіны ў раёне імпартны «Акрас-530» вытворчасці расійскіх машынабудаўнікоў. Час да пачатку ўборачнай яшчэ застаецца, аднак інжынернай службе акцыянернага таварыства варта паспяшацца з выкананнем тых работ, якія яшчэ не зроблены.
Для кантролю падрыхтоўкі тэхнікі да жніва спецыяльным загадам па ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання створаны тры рабочыя групы з ліку спецыялістаў райсельгасхарчу. Яны рэгулярна бываюць на мехдварах і ў майстэрнях гаспадарак, а потым па выніках справаздач дапамагаюць у выпрацоўцы неабходных і аптымальных рашэнняў па кожнаму канкрэтнаму факту.
Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах выдадзены загады аб замацаванні старшых камбайнераў і камбайнераў (экіпажаў) за канкрэтнымі машынамі, яны ж, дарэчы, і займаліся рамонтам і даводкай сваёй тэхнікі. Таксама выдадзены адпаведныя загады па ахове працы, распрацаваны ўмовы аплаты працы, маральнага і матэрыяльнага заахвочвання ўдзельнікаў уборкі.
У цэлым раён на час жніва забяспечаны механізатарскімі кадрамі, а ў сельгаспрадпрыемствах «Судкова», «Віць» і «Аравічы» на камбайнах гаспадарак будуць працаваць механізатары з прамысловых прадпрыемстваў горада.
А. КАЛЫХАН, галоўны інжынер райсельгасхарчу.