Беларусь турыстычная: Дукорскі маёнтак, Пухавіцкі раён, Мінская вобласць

Беларусь турыстычная Культура

З цудоўным настроем вярталіся самадзейныя артысты Хойнікшчыны з фестываля беларускай традыцыйнай культуры «Багач», які праводзіўся на Міншчыне. Кіраўніцтва ЗАТ «Дукорскі маёнтак» запрасіла нашых землякоў прыняць удзел у гэтым дзівосным свяце.

Прыгожы старажытны парк з векавымі дрэвамі, хаты, абсталяваныя пад кузню, ганчарню, лялечную майстэрню, сувенірныя лаўкі, старажытныя вежы, стайня, цудоўнае сонечнае надвор’е – усё гэта ўразіла хайнічан да глыбіні душы.
– Не хапае слоў, каб выказаць словы захаплення ад нашага падарожжа ў маёнтак, – адзначыла А.У. Куртава. – Мы атрымалі зарад пазітыўнасці і бадзёрасці, зачараваны дзівосным наваколлем, антуражам. Сюды хочацца прыехаць яшчэ!
У маёнтку можна было пакатацца на конях, праехаць у карэце, прыгатаваць самім, а потым паесці найсмачнейшых дзеруноў, крыху затуманіцца ў пакоі, дзе ўсё зладжана ўверх нагамі, падзівіцца на аўтамабіль-карэту, пасядзець каля невялікага вадаспаду, паслухаць спеў птушак. А таксама ўсіх чакалі стральба з лука і арбалета, кіданне сякер і суліц, страйкбольны цір, вяровачны гарадок, катанне на брычцы.
– Вельмі прыемна, што ў гэтым прыгожым куточку Беларусі выступалі нашы аматары самадзейнай творчасці, – падкрэслівае дырэктар Цэнтра культуры г. Хойнікі Л.В. Лобан. – Сцэна маёнтка прымала артыстаў Клецкага, Асіповіцкага, Мінскага раёнаў, а таксама і нас. Мы вельмі ўдзячны за запрашэнне на фестываль, у якім прынялі самы актыўны ўдзел.
Частку абрада «Ваджэнне русалкі» прадставілі ўдзельнікі ансамбля «Спадчына», блок беларускіх песень прапанаваў гледачам вакальны ансамбль «Грамада» Цэнтра культуры. Частку абрада «Жаніцьба коміна», народныя гульні падрыхтавалі ўдзельнікі клуба нацыянальнай кухні, гульняў і абрадаў «Традыцыя» Стралічаўскага цэнтра вольнага часу, якія, дарэчы, гандлявалі прысмакамі з Хойнікшчыны і сувенірамі, вырабленымі сваімі рукамі. Гукааператарам і фотакарэспандэнтам папрацаваў Я. Заяц, у самыя складаныя моманты дапамогу аказвала метадыст РДК А.В. Дыгун, якая займалася касцюмамі, атрыбутыкай, а пры неабходнасці і гандлявала.
Удзячны за гэтае цікавае падарожжа начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.В. Няволінай. А жыхарам Хойнікшчыны раім наведаць гэтае цікавае месца. Уражанняў будзе забагата.

Лілія КРАЎЧАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *