Чарговы Дзень дэпутата атрымаўся насычаным. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, дэпутаты райсавета і сельскіх Саветаў дэпутатаў, упаўнаважаныя горада сустракаліся з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам, правялі прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Судкоўскім сельвыканкаме.
Спачатку выехалі на вул. Церашковай райцэнтра, дзе на сустрэчы з жыхарамі вуліцы, якая адбылася тыднем раней, прагучаў зварот да дэпутатаў аб неабходнасці аднаўлення дваравой тэрыторыі. І дэпутаты пайшлі насустрач грамадзянам, аказаўшы падтрымку па добраўпарадкаванню тэрыторыі. У гэты дзень як раз дэпутаты Кудан П.М., Грыцкоў У.В, Несцярэнка С.У. устанаўлівалі альтанку, а новыя лавачкі жыхары абяцалі пафарбаваць самастойна.
У н.п. Езапоў дэпутаты азнаёміліся з асабістай падсобнай гаспадаркай М. Глушакова і А. Навіцкага. Маладыя людзі на прысядзібным участку вырошчваюць саджанцы грушы, яблынь, персікаў і іншых пладовых дрэў і кустоўяў, а таксама маліну. Апошняй, дарэчы, налічваецца каля 1,5 тысячы саджанцаў. Усімі работамі займаюцца хлопцы самастойна.
Дарэчы, пустуючых зямельных участкаў па раёну многа. І таму вопыт гэтых маладых людзей па вядзенню асабістай падсобнай гаспадаркі годны для пераймання: і справай займаюцца, якая заробак дае, і зямля не пустуе, а выкарыстоўваецца належным чынам. На гэтым дэпутаты акцэнтуюць увагу на кожнай сустрэчы з насельніцтвам.
На малочнатаварнай ферме «Езапоў» КСУП «Судкова» дэпутацкі актыў сустрэўся з работнікамі, пацікавіліся іх вытворчымі паказчыкамі, праблемамі, рассказалі аб сацыяльна-эканамічных паказчыках работы раёна. Сярод паступіўшых зваротаў – пытанні медабслугоўвання. Малады бацька прапанаваў, каб прыём дзяцей, якія захварэлі, і тых, каго прыводзяць для правядзення прышчэпкі, размежавалі. Гэта вельмі актуальна ў час сезонных захворванняў.
Акрамя пустуючых зямельных участкаў, у раёне многа і пустуючых будынкаў, якія смела можна выкарыстоўваць пад развіццё ўласнай справы, што выгадна і прадпрымальніку, і раёну. У Казялужжах пагутарылі з работнікамі магазіна «Сельпо» і яго пакупнікамі. Будынак былога сельсавета таксама стаяў доўгі час пустым, аднак індывідуальны прадпрымальнік яго выкупіў, адрамантаваў і адкрыў гандлёвую кропку, за пакупкамі ў якую ходзяць не толькі вяскоўцы, але і гараджане. пад час сустрэчы насельніцтва мела магчымасць звярнуцца са сваімі пытаннямі непасрэдна да дэпутата, дырэктара КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнкі.
Яшчэ адзін прыклад, калі будынак «трапіў» у добрыя рукі і справа пайшла – вытворчы цэх ТДА «СПЕЦСлавія», які размяшчаецца ў Судкове. Прадпрымальнікі выкупілі будынак былой племстанцыі, адрамантавалі яго і размясцілі там цэх па пашыву спецаддзення. Створаны працоўныя месцы, працэс ідзе. Вопытам наладжання вытворчасці падзяліўся дэпутат сельсавета дэпутатаў Д.А. Барысенка.
Дэпутат сельскага Савета дэпутатаў, дырэктар Казялужскай школы С.І. Лобан прыкладае шмат намаганняў, каб насельніцтва вёскі вяло здаровы лад жыцця, каб дзеці вучыліся на станоўчых прыкладах. Таму і ўдзельнічае ў многіх праектах, вынікам якіх стала з’яўленне ў школе фотастудыі, трэнажорнай залы і тэніснай цляцоўкі. Займацца ў іх могуць усе жадаючыя.
У Судкоўскім сельвыканкаме прайшоў прыём грамадзян. Звярнуліся ў гэты дзень па пытанню налічэння зарплаты даглядчыцы. Спе-цыялістам сельгаспрадпрыемства рэкамендавана ў кароткія тэрміны разабрацца з пытаннем, пры правядзенні Дней жывёлавода і сходаў працоўнага калектыву больш увагі ўдзяляць расцэнкам па ўсіх відах работ, вывешваць іх на агульным аглядзе.
Таксама звярнуліся жыхары з пытаннямі наконт дапамогі ў рамонце дамоў, якія знаходзяцца на балансе «Камунальніка» і сельгаспрадпрыемства. Пасля правядзення абследвання гэтых дамоў будзе вырашана, якую дапамогу патрэбна аказаць гаспадарам. Пытанні пастаўлены на кантроль.
З просьбай аб устаноўцы крытага прыпынку ў н.п. Дворышча каля дома № 278, дзе дзеці чакаюць школьнага аўтобуса, звярнуліся неабыякавыя да справы дэпутаты сельсавета дэпутатаў. Пытан-не прапрацоўваецца сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй і ў хуткім часе будзе вырашана. Ад насельніцтва паступіў зварот па пытанню налічэння пенсій (згодна з апошнімі змяненнямі заканадаўства, некаторыя засталіся практычна ні з чым). Ён адрасаваны дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь С.У. Чэкан.
За «круглым сталом» пры ўдзеле ўпаўнаважаных горада і раёна, маладых спецыялістаў, актыву, рэзерву кадраў падвялі вынікі Дня дэпутата. Анкетаванне, якое правялі на тэрыторыі сельсавета, паказала, што яшчэ ёсць пытанні, якія неабходна вырашаць – асвятленне, якасць вады, падсыпка дарог. Старшыня райсавета Г.В. Бондар адзначыла, што ўсім нам неабходна ставіць перад сабой амбіцыёзныя мэты і задачы і ўзмоцнена над імі працаваць, тады і вынік будзе, і карысць не толькі чалавеку, але і раёну.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.