Эканаміст – праца творчая

Людзі і лёсы

У тым, што эканаміст – праца творчая, змаглі ўпэўніцца прысутныя на раённым конкурсе «Лепшы па прафесіі» сярод маладых эканамістаў раёна. Мерапрыемства  адбылося 24 чэрвеня ў гарадскім цэнтры культуры і спорту «Меліяратар». Арганізатарамі яго выступілі аддзелы эканомікі і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА «БРСМ».



У ходзе правядзення конкурсу яго ўдзельнікам давялося прайсці тры конкурсныя выпрабаванні. У першай намінацыі «Візітная картка» маладыя спецыялісты з запалам гаварылі не толькі аб сваёй прафесіі, але і аб захапленнях, некаторыя выказалі гэта паэтычнымі радкамі. У другім конкурсе – тэарэтычным – адказвалі на тэставыя заданні па тэме «Эканоміка».



Самым адказным было заданне трэцяй намінацыі  –удзельнікі прадставілі свае інвестыцыйныя праекты. Работы былі самымі разнастайнымі і надзвычай цікавымі. Гэта вытворчасць макаронных вырабаў і перапрацоўка бытавых адходаў,  меліярацыя зямель і наладжванне вытворчасці бутыліраванай вады.
На ўсіх этапах мерапрыемства кампетэнтнае  журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай, начальніка аддзела эканомікі райвыканкама Т.Г. Дземчанка, начальніка планава-эканамічнага аддзела Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Малочныя прадукты» Л.А. Сабадаш выстаўляла кожнаму ўдзельніку балы, а потым  былі аб’яўлены  агульныя вынікі.



Званне «Лепшы тэарэтык» прысуджана эканамісту ААТ «Хойніцкі КБА»  Андрэю Голіку. Трэцяе месца заняла ўдзельніца з АСП «Каапнарыхтпрам» Людміла Бадалян, другое – Святлана Ціток (Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік), яна ж перамагла і ў намінацыі «Лепшы інвестыцыйны праект».
Пераможцам конкурсу «Лепшы па прафесіі» выйшаў начальнік аддзела эканомікі КЖУП «Хойніцкі камунальнік» Яўгеній Гуц.
Усе канкурсанты  ўзнагароджаны Дыпломамі і прызамі ад арганізатараў конкурсу.



І. ПАНЧАНКА,  начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *