Размова ідзе пра лабаранта Віцьеўскай сярэдняй школы Марыю Аляксееўну Віннік, якая з дапамогай вучняў робіць цудоўныя малыя архітэктурныя формы і ўпрыгожвае імі навакольны свет.
Жыхарка в. Барысаўшчына, Марыя Аляксееўна на працягу васьмі гадоў ездзіць у Віць на работу. Акрамя асноўных абавязкаў лабаранта, у школе высока цэняць і шчыры ўклад творчай па духу майстрыхі. Схільнасць да стварэння цудоўных вырабаў, здавалася б, з непатрэбных рэчаў калегі заўважылі ў Марыі Аляксееўны даўно. Якія прыгожыя малюнкі яна дапамагала рабіць дваім сваім дзецям, якіх разам з мужам выхавалі і адправілі ў дарослае жыццё! З самых простых складнікаў яна можа зрабіць неверагодныя рэчы.
Натхненнем служаць парады з часопісаў для рукадзельніц, якія часам з задавальненнем праглядае Марыя. І ў дапаможнікі яна запрашае такіх жа творчых школьнікаў. Увасабляюць у жыццё крэатыўныя ідэі васьмікласніцы Валерыя Махініч і Аліна Віннік, а таксама Варвара Махініч з чацвёртага класа Віцьеўскай школы.
Да адной з выставак Марыя Аляксееўна падрыхтавала разам з дзяўчатамі трохпавярховую паліцу, на вяршыні якой стаіць срэбны чаравічак. Гэта, па словах мастачкі-самавучкі, канструкцыя для жаночай касметыкі, у тым ліку лакаў для пазногцяў. І сапраўды: тут і там стаяць маленькія шкляныя бутэлечкі з каляровым напаўненнем. Ну і фантазія!
Увагу ўсіх гасцей прыцягвае на вуліцы каля самой школы фігура каралеўскага паўліна. Птушка, зробленая ў натуральных памерах свайго правобраза, выканана з пластыкавых бутэлек, але вы ніколі пра гэта не здагадаецеся – бліскучымі фарбамі густа пакрыта штучнае пер’е, здалёк фігура падобная на керамічную.
Сярод шырокага спісу вырабаў ручной работы ў Марыі Аляксееўны маюцца карціны са скураных дэталяў па матывах работ Ван Гога. Можна да бясконцасці працягваць, але раім чытачам на свае вочы пабачыць тую прыгажосць. Вы не пашкадуеце.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.