Выкарыстоўваць кожны дзень

Сельское хозяйство

Ліпень – макушка лета. Пакуль грамадскае пагалоўе знаходзіцца ў летніх лагерах і на адгонных пашах, самы час заняцца падрыхтоўкай жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага перыяду. Уласна кажучы, працэс гэты пачаўся яшчэ ў маі, калі на адным з пасяджэнняў райвыканкама было прынята адпаведнае рашэнне, у якім дакладна вызначаны віды і аб’ёмы рамонтных і будаўнічых работ па кожнаму  аб’екту.



Гаспадаркі выкарыстоўваюць розныя формы вядзення работ. У асноўным падрыхтоўка да зімы вядзецца сіламі ўласных будаўнічых брыгад, але не цураюцца кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і прыцягнення спецыялістаў будаўнічых прафесій для выканання рамонтна-будаўнічых работ па дагаворах. Так працуюць у сельгаспрадпрыемствах імя Мележа, «Веляцін», ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», агракамбінаце «Віць».



Па стану на 10 ліпеня хоць зараз гатовы прыняць жывёлу ў 21 жывёлагадоўчым памяшканні. Аднак гэтага пакуль што недастаткова, хаця, канешне ж, на ход работ не маглі не паўплываць працяглыя дажджы. Значыць, сёння для належнай і якаснай падрыхтоўкі малочнатаварных ферм неабходна выкарыстоўваць кожны пагодлівы дзень.



Найбольш арганізавана, якасна і дастаткова хуткімі тэмпамі рамонтныя работы праводзяцца ў такіх гаспадарках, як «Аравічы» (прараб – В.С. Шкурко), імя Мележа (Р.М. Туравец), «Судкова» (М.У. Пархоменка), «Хойніцкі Аграсервіс» (А.І. Ульянава). Тут у поўным аб’ёме выконваюцца ўсе неабходныя будаўнічыя работы: бетаніраванне падлог і рамонт іх драўлянага пакрыцця, устройства кармавых сталоў, устаноўка стойлавага абсталявання, рамонт уваходных дзвярэй і ўстаноўка ў вокнах рам з больш сучасных матэрыялаў (полікарбанат), рамонт дахаў памяшканняў і ўсталяванне пад імі аэрацыённых калідораў свежага паветра.



Акрамя гэтых відаў работ, увагі патрабуе рамонт сістэм гноевыдалення і водапаення. Асабліва гэта датычыць эксбазы «Стралічава» і агракамбіната «Віць» – менавіта гэтыя гаспадаркі мінулай зімой найбольш пацярпелі ад перамярзання водапаення.



Дарэчы, і зараз ад дзвюх гэтых гаспадарак хацелася б большай актыўнасці і паскарэння ходу рамонтных работ. Напрыклад, толькі тыдзень назад у агракамбінаце прыступіла да работы адна будаўнічая брыгада з наёмных рабочых, але да 15 ліпеня кіраўніцтву гаспадаркі неабходна набраць яшчэ адно такое фарміраванне па дагавору і пачаць рамонт памяшкання для ўтрымання буйной рагатай жывёлы на Малішаўскай МТФ. 



М. ФУРС, галоўны спецыяліст па будаўніцтву райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *